Кіраўніцтва хрысціянскіх дэмакратаў Беларусі ў міжваенны перыяд

23 верасня 2014 11:16  |  БХД

У міжваенны перыяд найбуйнейшай беларускай партыяй не сацыялістычнага напрамку была “Беларуская Хрысціянская Дэмакрацыя” (менавіта так яна праходзіць у выданнях “Krynicy”).

 

Часцяком пры ўзгадках пра лідараў партыі называюцца выключна два імя: ксяндзы Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі. Безумоўна, яны былі ідэйнымі лідарамі і натхняльнікамі дзейнасці міжваеннай БХД, але ж пры такім спрошчаным падыходзе застаюцца выкінутымі са старонак гісторыі асобы, якія непасрэдна кіравалі партыяй і таксама зрабілі шмат для развіцця беларускуга нацыянальнага хрысціянскага палітычнага руху. «КРЫНІЦА.INFO” вырашыла выправіць гэты інфармацыйны прагал.

 

Хоць Беларуская Хрысціянская Дэмакрацыя і бярэ пачатак ад 1917 года, але доўгі час яна збольшага з’яўлялася рэлігійна-культурнай арганізацыяй, якая закранала сацыяльна-палітычныя пытанні. Палітычнай жа партыяй БХД стала толькі праз дзесяць гадоў, зразумеўшы неабходнасць “ясьней загаварыць аб сабе і аб сваей праграме і агулам аб сваіх плянах для свайго народу” (Biełaruskaja Krynica, № 13, 18 красавіка 1926 года), бо “арганізацыя беларускага хрысьціянска-дэмократычнага кірунку аж надта насьпела” (Biełaruskaja Krynica, № 38, 29 кастрычніка 1926 года).

 

Аб імкненні абнавіць БХД і зрабіць яе палітычнай партыі было абвешчана на старонках Krynicyў красавіку 1926 года, і пасля абмеркавання ў шэрагу нумароў газеты  24 кастрычніка ў  Вільні адбыўся сход хадэкаў, на якім былі прынятыя праекты праграмы і статуту партыі. Таксама на гэтым сходзе было абрана і кіраўніцтва. У склад Цэнтральнага камітэту ўвайшлі дзевяць чалавек: кампазітар Павал Каруза (старшыня), ксёндз Адам Станкевіч (намеснік старшыні), выдавец і эканаміст Альбін Стэповіч (сакратар), медык Язэп Жук (намеснік сакратара), доктар медыцыны Баляслаў Грабінскі, студэнт Станіслаў Станкевіч (скарбнік), выдавец Яхім Красоўскі, культурны дзеяч Янка Пазьняк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (Biełaruskaja Krynica, № 38, 29 кастрычніка 1926 года). У склад кіраўніцтва БХД таксама ўпершыню быў уключаны адзін праваслаўны – Якім Красоўскі.

 

6 лістапада 1927 года адбыўся першы палітычны з’езд  “Беларускай Хрысціянскай Дэмакрацыі”, на якім прысутнічала 129 дэлегатаў з амаль усіх беларускіх паветаў Польшчы. З’езд абраў новы ЦК БХД, у склад якога ўвайшлі  Павел Каруза, Янка Пазьняк, Альбін Стэповіч, публіцыст Янка Шутовіч, Я.Ушакевіч, ксёндз-дэпутат польскага Сойму Адам Станкевіч, Я.Яковіч, літаратар Мікола Дварэцкі, Баляслаў Грабінскі, Якім Красоўскі і Язэп Жук. Таксама была абраная і рэвізійная камісія партыі ў складзе Станіслава Станкевіча, В.Малея, М.Аўрыцэвіча, А.Лукашэвіча. Трое з вышэй пералічаных асобаў былі праваслаўнага веравызнання (Biełaruskaja Krynica, № 47, 18 лістапада 1927 года).

 

 

На наступны дзень, 7 лістапада, ЦК БХД абраў Прэзідыюм партыі. У прыватнасці, старшынём быў паўторна абраны П.Каруза, яго намеснікам – Я.Пазьняк, сакратаром – А.Стэповіч, скарбнікам – Я.Шутовіч, віцэ-сакратаром – Я.Ушакевіч (Biełaruskaja Krynica, № 46, 11 лістапада 1927 года).

 

Чарговыя перавыбары ў БХД прайшлі на другім з’ездзе партыі 25 лістапада 1928 года. У гэты раз кіраўніцтва партыі істотна змянілася. Старшынём Прэзідыюму ЦК БХД быў абраны медык Ігнат Гагалінскі, яго намеснікам – Я.Красоўскі. Сакратаром стаў Я.Пазьняк, скарбнікам – Я.Шутовіч, а заступнікам сакратара – М.Дварэцкі. Таксама ў склад ЦК увайшлі ў якасці сяброў кс.А.Станкевіч, паслы П.Каруза і А.Стэповіч, Я.Жук, кандыдатаў – кс. П.Татарыновіч і Галец. Дэпутаты Сойму Каруза і Стэповіч, якія раней уваходзілі ў склад прэзідыюму,  ад уваходу ў новы прэзідыюм адмовіліся, “матывуючы гэта перашкодамі, зьвязанымі з выпаўненьнем пасольскіх абавязкаў”.

 

 

У Рэвізійную камісію былі абраныя Б.Грабінскі (старшыня), кс.В.Гадлеўскі і А.Вашковіч, кандыдатам — студэнт Я.Ушакевіч (Biełaruskaja Krynica, № 54, 30 лістапада 1928 года).

 

Наступны з’езд, нягледзячы на намер праводзіць іх штогод, адбыўся толькі 13 снежня 1931 года. На ім прайшлі новыя выбары Цэнтральнага камітэту, прэзідыюм якога быў абраны на наступны дзень. У склад ЦК увайшлі інжынер Адольф Клімовіч (старшыня), Я.Красоўскі (першы віцэ-старшыня), М.Дварэцкі (другі віцэ-старшыня), доктар Станіслаў Грынкевіч, Я.Чарнэцкі, Я.Ярмалковіч, Я.Шутовіч (скарбнік), В.Таўкінь, Б.Бабарыка, рэдактар Я.Пазьняк (сакратар) і А.Сянкевіч. У Рэвізійную камісію былі абраныя выдавец Язэп Найдзюк, актор Аляксандр Яцына, рэдактар В.Васілеўскі і студэнт Язэп Малецкі. Адзначым, што абодва намеснікі старшыні прэўідыюму ЦК БХД былі праваслаўнымі (Беларуская Крыніца, № 41, 17 снежня 1931 года).

 

У студзені 1936 года БХД была рэарганізаваная ў Беларускае нацыянальнае аб’яданне. У склад яго ЦК увайшлі Я.Пазьняк (старшыня), С.Грынкевіч (першы віцэ-старшыня), М.Дварэцкі (2-і віцэ-старшыня), А.Клімовіч, а таксама Я.Малецкі, Я.Найдзюк, Я.Шутовіч, Б.Нарановіч-Бабарыка, Я.Чарнецкі, Я.Ярмаковіч, М.Казаровіч. Гэта былі апошнія выбары кіраўніцтва БХД-БНА, на існаванні якой была пастаўленая кропка разам з прыходам савеціх войскаў.

 

Такім чынам, як бачым, непасрэдным кіраўніцтвам БХД у 1926-1936 гадах займаліся наступныя людзі: Павал Каруза (1926-1928), Ігнат Гагалінскі (1928-1931), Адольф Клімовіч (1931-1936) і Янка Пазьняк (ад 1936). На жаль, іх імёны сёння збольшага застаюцца малавядомымі.

Болей навін