Кожны беларус можа стаць палітвязьнем, — Севярынец
У Менску прайшоў форум беларускіх палітвязьняў, якія адседзелі
за кратамі цягам 20 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. У сядзібе БНФ
сабралася некалькі дзясяткаў былых палітвязьняў, іх сваякоў, праваабаронцаў.
Адкрываючы форум, былы вязень Плошчы-2010 Павал Севярынец
заклікаў найперш ушанаваць памяць тых, хто зьнік ці загінуў ад катаваньняў за
20 гадоў існаваньня ў Беларусі цяперашняга рэжыму.
“Наша мэта — абудзіць у беларусаў памяць пра
палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах, зьніклых і загінулых, і даць
беларусам зразумець, што палітвязьнем можа стаць кожны з нас. Цяпер мы вольна
ходзім па вуліцах, але ў любы момант можам апынуцца за кратамі, страціць
здароўе, або і жыцьцё”,— заявіў Севярынец.
Форум «Палітвязьні Беларусі» заклікаў кіраўніцтва Эўразьвязу
працягваць патрабаваньні ад беларускага рэжыму аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў
і правядзеньні ў Беларусі сумленных і свабодных выбараў паводле стандарту АБСЭ.
Таксама форум выказаў абурэньне “з таго факту, што,
насуперак афіцыйнай пазыцыі Эўразьвязу, дыялёг зь беларускім рэжымам
ажыцьцяўляецца без вызваленьня палітвязьняў. У сувязі з заявай спадарыні Майры
Моры, якая ўзначальвае прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі і якая заклікала
беларусаў “падтрымліваць свайго прэзыдэнта (нягледзячы на тое, што Эўропа
ніколі не прызнавала выбары ў Беларусі сапраўднымі). Мы лічым, што
беспакаранасьць і непрынцыповасьць эўрапейскіх чыноўнікаў прыводзяць да
ўзмацненьня рэпрэсіяў і зьяўленьня новых палітвязьняў«,— гаворыцца ў заяве.
Таксама форум «Палітвязьні Беларусі» зьвярнуўся да
беларусаў, у якім заклікаў дамагацца вызваленьня ўсіх цяперашніх палітвязьняў,
а таксама не дапускаць, каб у краіне зьявіліся новыя палітвязьні.
На форуме выступіў першы дарадца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў
Беларусі Рудольф Рышар, які пракамэнтаваў прэтэнзіі на адрас Майры Моры. Ён
паўтарыў, што Майра Мора, калі ўдзельнічала ў тэледэбатах, заклікала беларусаў
падтрымліваць Лукашэнку ў змаганьні на мір ва Ўкраіне. Што да пазыцыі
Эўразьвязу адносна праблемы палітвязьняў ў Беларусі, паводле Рудольфа Рышара,
яна застаецца нязьменнай:
«Эўразьвяз, як і раней патрабуе вызваленьня ўсіх
палітвязьняў і выкананьня правоў чалавека ў Беларусі», — сказаў Рудольф Рышар.