Палітзняволены Яўген Васьковіч пераведзены ў калонію №15
Палітзняволены Яўген Васьковіч пераведзены з Магілёўскай
турмы строгага рэжыму ў калонію №15, якая знаходзіцца таксама ў Магілёве.
Пра гэта стала вядома аднаму з сябраў аргкамітэту па
стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлу Пракаповічу. Хутчэй
за ўсё, перавод адбыўся яшчэ на мінулым тыдні.
– 12-га кастрычніка споўнілася роўна тры гады, як ён трапіў
у турму. Ён прайшоў праз цяжкія выпрабаванні за гэтыя тры гады – шматлікія
змяшчэнні ў штрафны ізалятар, усебаковы ціск, абмежаванні, цяжкая псіхалагічная
атмасфера. Улады ўсялякімі сіламі хацелі выціснуць з яго прашэнне аб
памілаванні. Але Яўген вытрымаў.
Па словах Паўла Пракаповіча, за 3 гады ў турме Яўген
Васьковіч правёў у штрафным ізалятары па надуманых падставах 247 сутак.
Таму кіраўнікам гэтай установы Аляксандру Ламазу (ужо
былому) і цяперашняму – Аляксандру Дзмітрову давядзецца ў будучым адказаць за
тыя здзекі і знявагі, праз якія прайшоў Яўген Васьковіч, – упэўнены Павел
Пракаповіч.