Мінінфармацыі не збіраецца правяраць расійскія каналы на парушэнне крымінальнага кодэксу
Міністэрства інфармацыі Беларусі не збіраецца правяраць
расійскія каналы на прыкметы парушэння Крымінальнага кодэксу. Такую выснову
можна зрабіць з адказу намміністра Сяргея Хільмана на калектыўны зварот
грамадзян, які атрымала намесніца каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя” ў Мінску Галіна Каржанеўская.
“Кантроль пераліку распаўсюджваемых тэлеканалаў, прыцягненне
да адказнасці парушальнікаў здзяйсняецца ў адпаведнасці з дзеючым
заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў адказе.
Нагадаем, актывісты
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі абураныя “неаб’ектыўным асвятленнем
драматычных падзей ва Украіне тэлевізійнымі каналамі “Россия-1”,
“Россия-24”, “Russia Today” і іншымі расійскімі тэлеканаламі,
якія трансліруюцца ў нашай краіне”, распачалі збор подпісаў з
мэтай спыніць вяшчанне найбольш заангажаваных тэлепраграм.