11 лістапада – курсы ” Ды-джэяў Адраджэння”

06 лістапада 2014 11:06  |  Галоўныя навіны

11
лістапада ў Менску а 18.00 на Чарнышэўскага,3
пачнуцца адноўленыя курсы Ды-джэяў Адраджэння. У інтэрв’ю нашай прэсавай
службе заснавальнік курсаў, сустаршыня
БХД Павал Севярынец распавёў пра гісторыю стварэння ды мэты гэтай адукацыйнай
лідэрскай праграмы.

 

– Гэта
праграма для моладзі, якая паклікана рыхтаваць актыўных грамадскіх лідэраў у
галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца людзі, якія могуць
праводзіць яскравыя імпрэзы, канцэрты,
арганізоўваць разнастайныя шоў, быць грамадскімі лідэрамі, крэатывіць у галіне
PR – і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення.

 

– Якія
накірункі распрацоўваюцца на курсах?

 


Падрыхтоўка вядзецца адразу па некалькіх кірунках: інфармацыйныя тэхналогіі,
псіхалогія масавая ды індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі
адпраўляюцца, так бы мовіць, “з парашутам” у глыбокія беларускія мястэчкі, каб
праводзіць там шоў Беларушчыны, камандна робяць акцыі, якія павінны трапіць у
нацыянальныя СМІ, арганізоўваюць
віктарыны і гэтак далей.

 

– У чым
“разынка” навучання”?

 

– Увесь
працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне,
за кожны выступ ды-джэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля
тэсту. І 12 лепшых – паводле гэтага рэйтынгу – урэшце становяцца пераможцамі
курсаў.

 

– Як гэта
ўсё пачыналася?

 


Пачыналася ўсё ў 1999-м у легендарным Маладым Фронце. За ўсю гісторыю курсаў
было падрыхтавана амаль 100 ды-джэяў.
Сярод іх – кіраўніца Маладога Фронту Наста Палажанка, лідэры ” Маладой
Беларусі” Артур Фінькевіч і “Альтэрнатывы” Алег Корбан,
пераможца міжнароднай алімпіяды па гісторыі Сяржук Васільеў, адзін з кіраўнікоў
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, прэс-сакратар Беларускай
Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай
Тамашэвіч, міжнароднік Сяржук Лісічонак, грамадзкія “зоркі” Андрэй
Кім, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыла Шык, журналісты
Кастусь Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч… Гэтыя курсы у нас назвалі
падрыхтоўкай “духоўнага спецназу”.

 

– Для чаго
маладому беларусу траціць свой час на такую падрыхтоўку?

 

– Курсы
Ды-джэяў Адраджэння – гэта элітная праграма экстрым-кшталтавання. Расея,
Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць
да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбны духоўны
гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне
лідэрскіх і інфармацыйных тэхналогій,
выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай ды-джэяў “са стажам”.
Ды-джэйскія курсы – гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў
самастойных высілкаў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць бачанне
і згуртавацца з аднадумцамі й паплечнікамі.

Болей навін