Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты нагадалі студэнтам аб праблемах беларускай адукацыі (фота)
У межах кампаніі “Беларусь у Балонскі
працэс» Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты правялі шэраг інфармацыйных акцый у інстытутах
Мінска.
Актывісты Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў
азнаёмілі студэнтаў беларускіх ВНУ з праблемамі сістэмы вышэйшай адукацыі ў
Беларусі, нагадаўшы і пра рэпрэсіі ў бок студэнтаў і выкладчыкаў, і аб занадта
высокіх цэнах на навучанне. Не прызнаюцца беларускія дыпломы ў многіх
еўрапейскіх краінах свету, паведамляе minskby.com.
Варта нагадаць, што Беларусь знаходзіцца на
52-м месцы па індэксе ўзроўню адукацыі ў свеце, застаўшыся далёка ззаду нашых
бліжэйшых суседзяў – Украіны, Літвы, Латвіі. Пры гэтым адукацыйныя ўстановы часта
становяцца рычагом кіравання і кантролю над маладымі людзьмі, а не месцам
атрымання ведаў і практычнага вопыту як ва ўсім свеце.
Па словах лідэра МХД Марыны Хоміч, беларуская
адукацыя стала маргінальнай. “Дыпломы нашых ВНУ не прымаюцца ў многіх краінах
свету, маладыя спецыялісты, якія атрымалі “корачку”, выходзяць са
сцен устаноў непадрыхтаванымі, не маючы патрэбнага практычнага і, часцей за
ўсё, нават тэарэтычнага вопыту і ведаў. Акрамя таго, менавіта інстытуты
з’яўляюцца сёння адным з самых моцных рычагоў кіравання і запалохвання маладых
людзей Беларусі, што можна ўбачыць на прыкладах беларускіх актывістаў, якім
прыйшлося з’ехаць з краіны для працягу навучання. Такое становішча рэчаў
прыводзіць не толькі да таго, што ўзровень канкурэнтаздольных спецыялістаў па
краіне падае, але і да масавай эміграцыі маладых людзей”, – адзначыла Марына Хоміч.