У Менску аднавіліся курсы “Дыджэяў Адраджэньня”

12 лістапада 2014 11:45  |  Галоўныя навіны

На адкрыцьцё дзесятага сэзону курсаў «Дыджэі Адраджэньня»
прыйшлі каля трыццаці чалавек. Пасьля чатырохгадовага перапынку першыя заняткі
ды-джэяў сабралі шэраг выпускнікоў курсаў мінулых гадоў. У сядзібу БНФ, дзе
штоаўторак будуць трэніраваць актывістаў, завіталі Наста і Зьміцер Дашкевічы,
Дзяніс Садоўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі.

 

Падчас вітальнага слова Зьміцер Дашкевіч сказаў, што яму
вельмі пашанцавала — ён «адцяпаў жонку — фіналістку курсаў». Разам з жонкай
Настай і дачкой Марай Зьміцер перадаў на апекаваньне ўдзельнікаў курсаў
маленькае кацяня, і прапанаваў падарыць яго найлепшаму выпускніку, які будзе
вызначаны ў лютым наступнага году.

 

Беларускі прадпрымальнік Алесь Мазанік, які ўжо доўгі час
мае жаданьне займець сэртыфікат дыджэя Адраджэньня, чакае ад курсаў новых ведаў
і здольнасьцяў, якія дапамогуць яму ў бізнэсе, у межах якога ён распаўсюджвае
беларускія кнігі:

 

«Я вельмі даўно чуў пра гэтыя курсы. Безумоўна, аўтарытэт
Паўла Севярынца для мяне вельмі значны, хоць я таксама нешта зрабіў на ніве
беларускага адраджэньня. Я чакаю ад гэтых курсаў новых мэтадаў, новых
здольнасьцяў. І безумоўна, кожнаму профі ў сваёй спэцыяльнасьці трэба
пэрыядычна праходзіць нейкія курсы, каб больш дасканала наладзіць сваю справу.
Мару павесіць дома на сьцяну дыплём дыджэя Адраджэньня».

 

Выпускнік 2002 году, лідэр моладзевай ініцыятывы
«Альтэрнатыва»Алег Корбан з гонарам разглядае свой сэртыфікат і кажа, што курсы
дыджэяў — гэта ня моладзевая тусоўка, а сур’ёзны адукацыйны праект. Удзел у ім
дае шанец чалавеку заняць лідэрскія пазыцыі ў любой сфэры — ад палітычнай
арганізацыі да калгасу:

 

«У 2001 годзе я актыўна назіраў за выступамі ды-джэяў у
школах, а на наступны год ужо ўзяў удзел. На працягу 10 гадоў фармат курсаў не
зьмяніўся, бо не згубіў актуальнсьці і цікавасьці з боку ўдзельнікаў. Сёньня
гэтыя курсы актуальныя, бо цікавыя тэмы неабходныя нашаму грамадзтву, у першую
чаргу моладзі. Тут чалавек атрымлівае адмысловы досьвед, які ён зможа
выкарыстаць як у грамадзкай ці палітычнай дзейнасьці, так і ў калгасе — гэтыя
веды залішнімі не будуць».

 

Выкладнік курсаў Павал Севярынец распавёў, якім чынам будуць
арганізаваныя заняткі: удзельнікі пастаянна будуць папаўняць свой рэйтынг
балямі, зарабіць якія можна за слушныя адказы, пераканаўчыя выступы, і нават за
вядзеньне канспэкту. «Будзе ўлічвацца нават почырк», — строга сказаў Павал
Севярынец.

 

Больш за гадзіну будучыя ды-джэі Адраджэньня адказвалі на
100 пытаньняў, якія, паводле арганізатара, «дапамогуць вызначыць беларускі iq
кожнага» і даць удзельнікам стартавы рэйтынг у балах.

 

Пытаньні ў рэйтынгавым тэсьце выклікалі то сьмех, то ўздыхі:
«Хто аўтар словаў нацыяльнага гімну Беларусі?», «Колькі каштуе кілё бульбы?»,
«Колькі ў Беларусі выбарчых акругаў?», «Колькі гадоў бел-чырвона-беламу
сьцягу?», «Ад чаго ў Беларусі гіне найбольшая колькасьць людзей?», «Ці адбывалі
вы суткі за акцыі?», «Колькі менчукоў штотыдзень ходзяць у царкву ці малітоўны
дом?», «Колькі ў Беларусі беларускамоўных?», «Колькі школаў у Менску?», «Якія
галоўныя беларускія брэнды?», «Якую гістарычную падзею ўсё чалавецтва адзначае
52 разы на год?», «Якія найбольш уплывовыя незалежныя СМІ?».

 

На думку Паўла Севярынца, адказы на ўсе гэтыя пытаньні
ды-джэі мусяць давай вельмі хутка.

 

«Напрыклад, падчас выпрабаваньня, дзе ўдзельнікі праводзяць
акцыі ці віктарыны ў глухіх мястэчках, ім неабходна ведаць кошт бульбы», —
пажартаваў вядоўца.

 

Болей навін