Бабруйскія дэмсілы патрабуюць спыніць ціск на прафсаюзных актывістаў

12 лістапада 2014 12:19  |  Палітыка

Прадстаўнікі грамадскасці Бабруйска, выяўляючы салідарнасць
з звольненымі работнікамі “Бабруйскага завод трактарных дэталяў і
агрэгатаў” (БЗТДіА), сябрамі Свабоднага Прафсаюза Беларускага (СПБ), якія
абвясцілі галадоўку, звярнуліся са зваротам да старшыні гарвыканкама, у якім
заявілі пра поўную падтрымку патрабаванняў звольненых работнікаў і выказалі пратэст
у сувязі з неправамернымі дзеяннямі адміністрацыі БЗ ТДіА ў дачыненні да
работнікаў.

 

Зварот падпісалі мясцовыя кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамада), Беларускага прафсаюзу працаўнікоў Радыёэлектроннай
прамысловасці і іншыя.

 

Паводле іх словаў, адміністрацыя завода працяглы час аказвае
непрыхаваны ціск на сябраў СПБ. “Незаконныя дзеянні службовых асобаў
прадпрыемства прыносяць маральныя пакуты не толькі работнікам і іх сем’ям, але
і атрымалі негатыўнае стаўленне да таго, што адбываецца з боку жыхароў
Бабруйска”, – гаворыцца ў лісце.

 

“Сёння выразна выяўляецца тэндэнцыя на знішчэнне непажаданых:
Мікалая Жыбуля, Алега Шаўчэнкі, Аляксандра Варанкіна, Аляксандра Грамыкі,
нягледзячы на іх высокую кваліфікацыю і бездакорную рэпутацыю ў працоўным
калектыве прадпрыемства”, – заяўляюць актывісты.

 

Яны патрабуюць неадкладна спыніць ціск на сяброў СПБ, уступіць
у перамовы з удзельнікамі галадоўкі, выканаць іх законныя патрабаванні аб
аднаўленні на працы, выйсці з прапановай да Міністэрства прамысловасці аб
неадкладным скасаванні кантракту з дырэктарам БЗТДіА А. Аграновічам, які “дыскрэдытуе
пасаду кіраўніка прадпрыемства”.

 

У выпадку невыканання адміністрацыяй заводу законных
патрабаванняў звольненых работнікаў, лідары мясцовай дэмакратычнай супольнасці
пакідаюць за сабой права заклікаць грамадзян Бабруйскага рэгіёна на акцыю
салідарнай падтрымкі галадоўнікаў.

Болей навін