МХД і МД: сістэма адукацыі знаходзіцца ў катастрафічнай сітуацыі

12 лістапада 2014 17:31  |  Галоўныя навіны

У Мінску ў межах кампаніі “Народны кантроль” прайшла прэс-канферэнцыя Маладых Хрысціянскіх
Дэмакратаў і Маладых Дэмакратаў, падчас якой былі прадстаўлены асноўныя
стратэгічныя прыярытэты моладзевых арганізацый на бліжэйшы час, у тым ліку і на
прэзідэнцкую кампанію 2015 года.

 

Асноўнае пытанне, якое ўздымалі прадстаўнікі арганізацый
Марына Хоміч і Аляксандра Васілевіч – сістэма адукацыі ў Беларусі, якая на
дадзены момант знаходзіцца ў катастрафічнай сітуацыі.

 

«Несумненна, мы лічым вельмі важнай і неабходнай барацьбу за
незалежнасць Беларусі, але сёння таксама важна звярнуць увагу на тое, што
беларускай сістэме адукацыі пагражае поўная дэградацыя. Асабліва цяпер, калі да
канца 2014 павінны быць унесены змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. І тыя праўкі,
якія «беларускі ўрад» збіраецца ўнесці ў кодэкс, робяць сістэму адукацыі яшчэ
горш» – адзначыла лідэр Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.

 

Першае, што патрабуюць лідэры арганізацый – забяспечыць
умовы для ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Варта нагадаць, што заяўка на
разгляд ўступлення Беларусі ў Балонскі камітэт была пададзеная яшчэ ў 2012
годзе, аднак з-за шматлікіх парушэнняў яна была адхіленая. Асноўныя прычыны –
адсутнасць акадэмічных свабод, студэнцкага самакіравання, выкарыстанне
адукацыйных устаноў у якасці рычага кіравання і кантролю за маладымі людзьмі.

 

Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты распрацавалі патрабаванні,
прымяненне якіх дапаможа паскорыць ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс.
Сабраныя ў выніку праведзенай кампаніі подпісы будуць накіраваныя беларускім
уладам.

 

На пытанне карэспандэнта minskby.com пра ролю моладзевых
арганізацый у будучай прэзідэнцкай кампаніі, лідэры адзначылі, што будуць
працаваць з тымі, хто будзе прыслухоўвацца да моладзі.

 

– Вы кажаце пра свой удзел у будучай прэзідэнцкай кампаніі.
Як вы гэта бачыце і па якіх крытэрах будзеце адбіраць тых, хто збіраецца ў
кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы?

 

– Моладзь Беларусі – гэта будучыня нашай краіны. Мы будзем
дапамагаць таму, хто падтрымлівае жадання і імкнення маладых людзей не толькі
на словах, але і справе, – адказала Марына Хоміч.

 

Яе падтрымала і лідэр Маладых Дэмакратаў Аляксандра
Васілевіч. «Мы – тыя, хто будзе рабіць будучыню Беларусі, і таму той, хто
збіраецца балатавацца ў кандыдаты ў прэзідэнты на наступным кампаніі, павінен
слухаць і чуць нас».

 

Марына Хоміч заявіла аб правядзенні круглага стала на тэму
адукацыі ў Беларусі, які павінен прайсці 22 лістапада. Паводле яе слоў, будуць
запрошаныя лідэры дэмакратычных партый і арганізацый для абмеркавання гэтага
пытання, унясення правак і заўваг. «Падчас правядзення круглага стала мы
ўбачым: ці яны (ад рэд. – Лідэры апазіцыйных партый) могуць толькі піярыцца, ці
могуць зрабіць па-сапраўднаму важныя крокі, падтрымаўшы інтарэсы моладзі і
будучыню Беларусі ў цэлым» – скончыла свой выступ Марына Хоміч.

Болей навін