БХД па Менскай вобласці адмоўлена ў рэгістрацыі
Хрысціянскія дэмакраты Меншчыны атрымалі адказ аб выніках разгляду
дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Адмоўны адказ не
стаў нечаканасцю.
Адказ аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі падпісаны намесніцай кіраўніка
галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менаблвыканкама Ірынай Цэлікавец.
Адмову каментуе кіраўнік абласной арганізацыі БХД Павел Пракаповіч:
“Працэдура рэгістрацыі выглядае так: пакет дакументаў перадаецца ў галоўнае
упраўленне юстыцыі, а галоўнае ўпраўленне юстыцыі дае адказ на працягу месяца.
Ніякіх сустрэч, удакладненняў ці запытаў. Сцяна бюракратыі: вы нам—дакументы, а
мы вам — адказ. У выніку — у адным з
дакументаў знайшлі тэхнічную памылку, наяўнасць якой мы прызнаём, і час
на выпраўленне якой займае прыкладна адну хвіліну. Напрацягу цэлага месяца
ніхто з галоўнага ўпраўлення юстыцыі не звязаўся з намі і не задаў ніякіх
пытанняў. Рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі прымалася ў апошні дзень
месячнага тэрміну, на працягу якога ёсць магчымасць выправіць любыя недахопы ў
дакументах. Яшчэ да падачы дакументаў прадстаўніца галоўнага ўпраўлення юстыцыі
Юлія Хацяновіч, якая прымала дакументы, паведаміла нам, што рашэнне аб
рэгістрацыі прымаецца “калегіяльна”, а яна асабіста “нічога не вырашае”.
Рашэнне аб адмове даслана са спазненнем у некалькі дзён, што ёсць парушэннем заканадаўства.
Часу на тое, каб паведаміць, што ў адным з дакументаў есць тэхнічная памылка, у
галоўным ўпраўленні юстыцыі за цэлы месяц не знайшлося. Верагодна, усё, чым яны
займаюцца, калі зарэгістравацца спрабуюць незалежныя арганізацыі — гэта пошук памылак,
каб былі падставы для нерэгістрацыі”.