Міліцыя ўзяла пад аблогу ”Новае Жыццё”
Царква “Новая жыццё” абкладзена міліцыяй – на пад’ездах да будынку спыняюць машыны і аўтобусы, супрацоўнікі ў цывільным здымаюць прысутных з мікрааўтобусу каля уваходу у малітоўны дом.
Падзеі распачаліся сёння прыкладна апоўдні – да пратэстанцкай царквы спачатку прыехала міліцэйская машына, з якой доўгі час аглядаліся падыходы да будынку. Потым з’явіўся мікрааўтобус, адтуль пачалася сьёмка, а прысутныя там міліцыянты сілай выштурхвалі з яго юрыста прыходу Сяргея Луканіна.
“Яшчэ падчас першага служэння мы убачылі, што па нашай тэрыторыі ездзіць машына ДАІ і уважліва даследвае ўсе пад’езды да будынку. Мы не выключаем, што міліцыя плануе блакаваць машыны нашых прыхаджан перад пачаткам ці па заканчэнні набажэнства,” – адзначыў Сяргей Луканін.
У гэтыя хвіліны у супольнасці, якая цягам апошніх год юрыдычна была пазбаўленая ўсіх правоў на ўласны будынак, адбываецца набажэнства, удзел у якім бяруць больш тысячы чалавек. Побач з уваходам дзяжурыць міліцэйскі варанок, а таксама здымачная група Сталічнага тэлебачання. Прыхаджане не выключаюць, што пасля службы пастар Вячаслаў Ганчарэнка будзе затрыманы.