Адбылася прэзэнтацыя кружэлкі “Люблю Беларусь” з сэрыі “Беларускі Хрысьціянскі Хіт” (фота)
27 сьнежня
ў Менску падчас каляднага канцэрту
адбылася прэзэнтацыя новае кружэлкі “Люблю Беларусь”, якая выйшла ў
сэрыі “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”.
“Беларускі
Хрысьціянскі Хіт” — унікальная сэрыя музычных кружэлак, на якіх сабраныя
найлепшыя хрысьціянскія сьпевы, многія зь якіх, напрыклад, “Магутны
Божа”, “Весяліся”, “Чакае Цябе Беларусь” — рэальна
паліканфэсійныя, і выконваюцца як на праваслаўных фэстах, так і ў касьцёле, і
падчас пратэстанцкіх набажэнстваў.
Апроч
гэтага, БХХ выконвае вельмі істотную справу беларусізацыі айчынных
хрысьціянскіх асяродкаў. Пры панаваньні царкоўнаславянскай мовы ў прыходах РПЦ,
польскім уплыве ў Касьцёле, дамінаваньні расейскае сярод пратэстантаў БХХ можа
даць моцны штуршок да духоўнага ды нацыянальнага адраджэньня.
Такім
чынам, незвычайныя кружэлкі — ня толькі ўнікальны музычны, але й міжканфэсійны,
і культурніцкі праект. Больш таго, колькасьць назапашаных аўдыёматар’ялаў
падштурхнула арганізатараў БХХ да выпуску цэлае сэрыі: “Беларускі Калядны
Хіт”, “Беларускі Велікодны Хіт”, “Бардаўскі Хрысьціянскі
Хіт” і г. д.
Сёмую
кружэлку сэрыі БХХ склалі песьні вядомых айчынных сьпевакоў Зьмітра
Вайцюшкевіча, Юлі Фраловай, Тацяны Беланогай, Андрэя Мельнікава, Алесі
Ўнукоўскай, Вальжыны Цярэшчанкі, Vinsent’a, а таксама гуртоў Laudans і
Tesaurus.
Напачатку
імпрэзы галоўны рухавік ды каардынатар сэрыі БХХ Павал Севярынец распавёў
уласна пра сэрыю, а таксама пра новую кружэлку. Гледачы дазналіся пра
канцэптуальны складнік кожнае кружэлкі, а таксама колькі цікавых фактаў пра
працэс стварэньня ды запісу гэтае цудоўнае хрысьціянскае музычнае калекцыі.
Падчас
сьвяточнага канцэрту, які адбываўся паміж каталіцкімі ды праваслаўнымі
Калядамі, былі паказаныя відэакліпы на песьні сталай удзельніцы праекту БХХ,
удзельніцы хору ў менскім Чырвоным касьцёле Юлі Фраловай, якія прапанавала
незалежная відэарэжысэр ды грамадзская дзяячка Вольга Мікалайчык, адбыліся
выступы слыннага гурту Laudans, барда ды ўдзельніка шматлікіх нацыянальных
фэстаў Андрэя Мельнікава ды цудоўнае сьпявачкі Маргарыты Тарасавай.
Напрыканцы
вечарыны Павал Севярынец падзякаваў прысутным за ўдзел, а таксама апавёў, што
рыхтуецца яшчэ дзьве кружэлкі БХХ: “Беларускі хрысьціянскі рок” і “Беларускі
літургічны сьпеў”.
Праводзілі
канцэрт удзельнікі курсаў “Ды-джэі Адраджэньня”, — экскурсавод, гісторык Павал
Дзюсекаў ды бізнэсовец і кіраўнік інтэрнэт-крамы „Імбрык” Алесь Мазанік.
Фота – КРЫНІЦА.INFO