Затрыманыя за акцыю ля помніка Шаўчэнку: Міліцыянты абражалі Ўкраіну і яе сьцяг
Актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава, якую ўчора затрымалі за
акцыю памяці тых, хто загінуў на Майдане, распавяла Радыё Свабода, што
міліцыянты жорстка абыходзіліся з удзельнікамі акцыі і абражалі ўкраінскія
нацыянальныя сымбалі.
«Падчас затрыманьня міліцыянты вельмі абражалі Алеся
Макаева. У яго хворая сьпіна, і яму не давалі сесьці і вельмі рэзка піхалі ў
сьпіну ў аўтобусе. Ён проста пакутаваў ад фізычнага болю. Грубае абыходжаньне
было і з Вольгай Нікалайчык.
Мы не праводзілі акцыі. Мы проста маліліся ў знак
салідарнасьці і запальвалі сьвечкі. Не затрымлівалі ж людзей каля амбасады
Францыі, калі тыя прынесьлі кветкі і сьвечкі ў памяць загінулых журналістаў
Charlie Hebdo. Па сутнасьці, мы рабілі тое самае. Але нас затрымалі, зьневажалі
і некаторых, відаць, пасадзяць на суткі.
Ад імя затрыманых Алесь Макаеў прасіў перадаць, што падчас
затрыманьня міліцыянты вельмі абражалі Ўкраіну, яе сьцяг. Алесь Макаеў прасіў
перадаць амбасадару Ўкраіны, каб той адрэагаваў на такія паводзіны беларускіх
ахоўнікаў правапарадку».
У аўтобусе, у якім везьлі затрыманых, «Магутны Божа» глушылі
«Сэктарам Газа»
Актывіст руху салідарнасьці «Разам» Зьміцер Захарэвіч
распавёў Радыё Свабода, што АМАПаўцы зьдзекаваліся з жанчын і абражалі Ўкраіну:
«Падчас малітвы за намі назіралі супрацоўнікі ў цывільным —
іх у парку было больш за 20 чалавек. Затрымлівалі нас пасьля акцыі ўшанаваньня
памяці, на выхадзе з парку. Супрацоўнікі ў цывільным хапалі ўдзельнікаў
жалобнай акцыі з двух бакоў пад рукі і цягнулі ў аўтобус. У аўтобусе нас вельмі
шчыльна паставілі, бо сядзеньні былі занятыя АМАПаўцамі ў форме. Нас запхнулі ў
аўтобус. Жанчыны пачалі сьпяваць „Магутны Божа”, у адказ на гэта АМАПаўцы на
ўсю моц уключылі „Ramstein”, а пасьля песьню пра бамжа ў выкананьні расейскага
гурту „Сэктар Газа”. Зьдзекліва казалі нам, затрыманым, што гэта песьня пра
нас. Падчас усёй дарогі міліцыянты абразьліва выказваліся пра Ўкраіну і саміх
украінцаў.
Калі нас прывезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, нас паставілі
ў калідоры тварам да сьценкі. Так мы прастаялі амаль тры гадзіны. Мне
пашанцавала, мяне адпусьцілі. Але маіх паплечнікаў — Алеся Макаева, Максіма
Вінярскага, Вольгу Нікалайчык, Міколу Коласа — будуць судзіць».