У інтэрнэце распаўсюджваюць “кампрамат” на віцебскіх прыхільнікаў БХД
Невядомыя інтэрнэт-карыстальнікі цягам апошніх сутак
займаюцца дыскрэдытацыяй ініцыятыў ствараемай партыі БХД у Віцебску. Праз
сацыяльныя сеткі яны распаўсюджваюць ілжывую і абражальную інфармацыю пра
актывістаў, спрабуючы ўцягнуць у дыскусію найперш незалежных журналістаў.
Алена Шабуня, актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі
БХД, распавяла пра тэхналогію распаўсюду “кампрамату”:
“Я атрымала паведамленне ў “Фэйсбуку” ад
невядомай мне асобы, што ў сацыяльнай сетцы “В Контакте” ёсць згадкі
пра Таццяну Севярынец і маю з ёй супольную працу. Чалавек, які даслаў мне
паведамленне, – невядомы. Я думаю, што ўвогуле гэта “фэйк” – няісная
асоба, на імя якой зарэгістравана старонка ў Фэйсбуку. А “В Контакте”
я ўбачыла адмыслова створаную групу для “ўкідаў” ілжывых і абразлівых
звестак пра віцебскіх актывістаў. У групе пяць удзельнікаў, і сярод іх таксама,
падобна, няма ніводнай рэальнай асобы”: няма прозвішчаў, замест
вотаздымкаў – нейкія карцінкі. А ў паведамленнях – абразлівыя каментары да
фотаздымкаў Таццяны Севярынец на сайцеhttps://bchd.info,
або ўлёткі, дзе нехта шукаў арфаграфічныя памылкі. Усё гэта суправаджаецца
імітацыяй абмеркаванняў у групе, дзе ўдзельнікі – тыя самыя пяцёра
невядомых”.
Інфармацыю невядомыя распаўсюджвалі шырока: падобныя лісты
атрымалі не толькі віцебскія журналісты і актывісты, а ячшэ і актывісты
дэмакратычнага руху з Полацку, Оршы, Глыбокага – практычна з усёй Віцебскай
вобласці.
Таццяна Севярынец мяркуе, што актывізацыя кампраметатараў
наўпрост звязана з апошнімі віцебскімі кампаніямі:
“Якраз на мінулым тыдні мы былі на сходзе,
арганізаваным віцебскімі ўладамі ў якасці адказу на нашы калектыўныя лісты
наконт нездавальняючай якасці медыцынскага абслугоўвання. У прыватнасці,
абмяркоўвалася пытанне наконт будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Білева, якое
было абяцана скончыць ужо пару гадоў таму, а яно яшчэ і не пачыналася…
Чыноўнікі сказалі, што “час яшчэ не прыйшоў”, і што паліклінічны
комплекс для 25-тысячнага насельніцтва мікрараёнаў уводзіць не будуць, пакуль
насельнікаў не стане ў 2 разы болей – 45-50 тысяч. Інфармацыя пра гэты сход
шырока разышлася па СМІ, было шмат абурэння і негатыўных водгукаў на адрас
кіраўніцтва горада і вобласці. Пасля гэтага ў інтэрнэце і з’явіўся кампрамат
самага ніжэйшага “пашыбу” – калі парушаецца права на прыватнае жыццё,
брыдка каментуецца знешнасць, адзенне і гэтак далей. Напэўна, мы трапілі ў
самую балючую кропку са сваімі ініцыятывымі, раз рэакцыя такая неадэкватная.
Прычым гэтыя аматары брыдоты з’яўляюцца ў сацыяльных сетках выключна ў працоўны
час, і гэта наштурхоўвае на пэўныя высновы пра іхную прафесійную
прыналежнасць”.
Сапраўды, падобнага кшталту “ўкіды” ў Віцебску
адбываюцца ў непасрэднай сувязі з важнымі грамадскімі падзеямі. Так, летась,
напярэдадні выбараў, тая самая група “В Контакте”распаўсюджвала “кампрамат”на
апазіцыйнага кандыдата Хрыстафора Жаляпава, які балатаваўся ў абласны савет. Друкаваліся
карыкатуры на праваабаронцу Паўла Левінава, Вольгу Карач і Сяргея Рыжова
–палітыкаў.