Як Вольгу Мікалайчык сустрэць з Акрэсціна намагаліся (фота)
Каларытная і цікавая беларуская
кінарэжысэрка Вольга Мікалайчык была 22 студзеня затрыманая беларускай міліцыяй
і асуджаная на пяць сутак зняволення беларускім судом за памінанне ля помніка
Тараса Шаўчэнкі ў Мінску загінулага год таму героя кіеўскага Майдана беларуса
Міхаіла Жызнеўскага. Памінанне з запальваннем знічак было кваліфікавана як
несанкцыянаваны пікет.
Але ў 21.25 27 студзеня тэрмін
зняволення Вольгі мусіў скончыцца. І таму да ізалятара на Акрэсціна, дзе яна
знаходзілася ў зняволенні, прыкладна а 21.00 вечара вызвалення пачалі збірацца
сябры і добрыя знаёмыя кінарэжысэркі плюс журналісты. Калі казаць пра
карпаратыўную прыналежнасць – сябры БХД, рухаў “За свабоду” і “Разам”, БелСАТу.
Чалавек пад дваццаць. Прапарцыянальна прыбыццю пазітыўнага сяброўскага
кантынгенту, вакол вымаляваліся невядомыя (не прадстаўляліся, і бэйджыкаў не
было на іх заўважана) “людзі ў цывільным” – змрочныя ды заклапочаныя.
“Мы (пазітыўны кантынгент)
паразбіралі вялізныя літары (на лістах фармату А4 – альбомныя такія лісцікі) з
якіх цудоўна можна было як з мазаікі зляпіць слоган (ВОЛІ – ВОЛЯ), у чаканні гэтай
самай Волі пафоткаліся, пажартавалі… Негатыўны кантынгент змрочна здымаў на
відэа нас ды нашыя аўто, а голас з дынаміка халодна некалькі разоў прапанаваў
“атайдзіце ат зданія!”, затым ад негатыўных аддзяліўся адзін грамадзянін у
цывільнай спартовай шапачцы сілавіка, назваўся начальнікам нейкай функцыі з
гэтага ізалятара, запытаўся каго мы тут сустракаем і заўпэніў: “она уже
освобождена, расходитесь, а я вас предупредил””, – распавядае Андрэй Мельнікаў.
Калі Вольга на волі – варта
чакаць сувязі з ёй па тэлефоне. Але званкі на хатні і мабільны тэлефоны не
давалі рады. Таму людзі не разыходзіліся, са словаў кіраўніка “Маладога фронту”
Зьміцера Дашкевіча, які тэж прыйшоў сустракаць Мікалайчык, “улада пераступіла
ўжо праз усе маральныя нормы і чакаць ад яе можна чаго заўгодна”.
Нашыя пазітыўныя шэрагі шчэ
крыху павялічваюцца. Але “негатыўных” более ўжо непрапарцыянальна нашмат.
Пад’язджае АМАП. Журналісты БелСАТу едуць у райаддзел цэнтральнага раёна на вуліцу
Арлоўскага, з намерам высветліць, ці не там Вольга (пазней высветліцца, што яе
сапраўды туды вывезлі прыкладна за паўтары-две гадзіны да сканчэння тэрміну), астатнія,
яшчэ крыху пастаяўшы ля акрэсцінскага ізалятара, вырашылі ехаць, хто ў якія
знакавыя кропкі горада, дзе можа з’явіцца Вольга і трымаць сувязь міжсобку.
Вольга здолела дабрацца дахаты
блізу 22.25, адтуль затэліла аднаму з удзельнікаў “сустрэчы”. І дахаты да Волі
з пачастункамі завіталі і проста сябры і сябры БХД, рухаў “За свабоду” і
“Разам”.