Кавалькова: існаванне абортаў супярэчыць Канстытуцыі і законам Беларусі

06 лютага 2015 15:57  |  Галоўныя навіны

У беларускім
заканадаўстве існуе калізія права ў заканадаўчым рэгуляванні працэдуры аборту.
Пра гэта КРЫНІЦА.INFO заявіла юрыст, каардынатар кампаніі «У абарону жыцця»
аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга
Кавалькова, каменутуючы новыя змены, якія ўступілі ў моц у снежні 2014 года і
якія рэгламентуюць правядзенне абортаў у краіне.

 

Паводле яе,
згодна з артыкулам 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «Кожны мае права на
жыццё», згодна з арт. 181 Кодэкса аб шлюбе і сям’і — «Дзяржава гарантуе абарону
правоў дзіцяці як да, так і пасля нараджэння», а згодна з п.1 арт. 1037
Грамадзянскага кодэкса — «Спадчыннікамі па завяшчанні і закону могуць быць
грамадзяне, якія знаходзяцца ў жывых у момант адкрыцця спадчыны, а таксама
зачатыя пры жыцці спадчынадаўца і якія нарадзіліся жывымі пасля адкрыцця
спадчыны».

 

“Як мы бачым
з нормы Грамадзянскага кодэкса, юрыдычныя наступствы ўзнікаюць яшчэ да
нараджэння дзіцяці. Дэкларатыўна беларускае заканадаўства прызнае правы дзіцяці
яшчэ да нараджэння, але на справе згодна з артыкулам 27 Закона «Аб ахове
здароўя» «жанчыне даецца права самой вырашаць пытанне пра мацярынства».
Юрыдычна артыкул 27 супярэчыць вышэйпералічаным нормам, паколькі згодна з
Законам «Аб нарматыўных прававых актах» Канстытуцыі і кодэксы маюць большую
юрыдычную сілу”, — адзначыла юрыст.

 

“Для
ліквідацыі гэтай калізіі права неабходна канстытуцыйнае тлумачэнне артыкула 24
«Кожны мае права на жыццё» як права на жыццё з моманту зачацця і (або) дапаўненнем
указанага артыкула наступным зместам «Дзяржава гарантуе абарону чалавечага
жыцця з моманту зачацця». А ўсё, заканадаўчыя акты Беларусі, якія рэгулююць
аборты, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і кодэксамі», — падкрэсліла
Вольга Кавалькова.

 

Яна падкрэсліла,
што новая рэдакцыя Закона «Аб ахове здароўя», якая ўступіла ў моц 27 снежня
2014 года, стала магчымай, дзякуючы шырокай грамадскай кампаніі «У абарону
жыцця», якая пачалася ў 2012 годзе, і тысячам подпісаў грамадзян Беларусі.

У першую
чаргу, было заканадаўча замацавана права лекара адмовіцца ад правядзення
штучнага перапынення цяжарнасці, калі адмова непасрэдна не пагражае жыццю або
здароўю жанчыны.

 

«Аборт толькі
апошнія 60-70 гадоў стаў набываць статус нармальнай медыцынскай аперацыі. Да
гэтага на працягу некалькіх стагоддзяў плодавыгнанне каралася смяротным
пакараннем ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах», — адзначыла Вольга Кавалькова.

 

Так, згодна з
п. 6 Дэкларацыі, прынятай Сусветнай медыцынскай асамблеяй ў Осла ў 1970 годзе
(у рэдакцыі 1983г.), адносна медыцынскага аборту «Калі ўрачу не дазваляюць
прызначаць і выконваць аборт яго перакананні, то ён можа адмовіцца ад гэтага,

забяспечыўшы
працяг аказання медыцынскай дапамогі кваліфікаванымі калегамі».

 

Таксама ў
Жэнеўскай дэкларацыі Сусветнай медыцынскай асацыяцыі (1948 г. у рэдакцыі
1994г.) задэклараваны наступны зарок медыкаў: «Уступаючы ў шэрагі медыцынскай
супольнасці, я ўрачыста абяцаю прысвяціць жыццё служэнню чалавецтву… Я буду
падтрымліваць поўную павагу да чалавечага жыцця з моманту зачацця, і нават пад
пагрозай я не ўжыву медыцынскае веданне супраць закона чалавечнасці».

 

7 кастрычніка
2010 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю «Права на
пярэчанне па меркаваннях сумлення пры прадастаўленні легальнай медыцынскай
дапамогі», у якой гаворыцца: «Ні адна асоба, бальніца або ўстанова не павінны
быць вымушана, прыцягнутыада адказнасці або дыскрымінавана ў якой-небудзь форме
за адмову ад выканання, прадастаўлення, дапамогі ў ажыццяўленні або правядзення
аборту, ажыццяўленне выкідка ў чалавека або эўтаназіі або любога дзеяння, якое
можа прывесці да смерці чалавечага плоду або эмбрыёна, па любой прычыне».

 

Права лекара
адмовіцца ад правядзення аборту замацавана ў заканадаўстве Нарвегіі, Польшчы,
Аўстрыі, Францыі, Даніі, Венгрыі, Латвіі, Італіі, Расіі, Люксембурга і інш.

 

Варта
адзначыць, што ў Вялікабрытаніі студэнты могуць азнаёміцца з працэдурай
перапынення цяжарнасці толькі тэарэтычна, у адрозненне ад Беларусі, дзе
студэнты адной з першых навучальных працэдур вывучаюць на практыцы правядзенне
аборту.

Вольга
Кавалькова нагадала, што з кожным годам павялічваецца колькасць краін, у якіх
праходзяць парламенцкія і грамадскія дыскусіі па пытанні заканадаўчага
замацавання права лекара на адмову ад правядзення аборту — цяпер такія дыскусіі
праходзяць у Швецыі, Іспаніі, у Літве і інш.

 

Юрыст таксама
назвала памылковым меркаванне, што заканадаўчая забарона абортаў прыводзіць да
павелічэння мацярынскай смяротнасці.

 

Падчас
шматлікіх сусветных даследаванняў быў праведзены аналіз, які ахоплівае дадзеныя
аб мацярынскай смяротнасці за 50 гадоў (1957-2007) з Нацыянальнага інстытута
статыстыкі Чылі. У пяцідзесяцігадовы перыяд, які вывучаўся падчас даследавання
ў Чылі, агульны каэфіцыент мацярынскай смяротнасці (MMR) рэзка скараціўся на
93,8%, з 270,7 да 18,2 смерцяў на 100 000 жыванароджаных (перыяд паміж 1957 і
2007 гадамі), што робіць чылійскую мадэль аховы здароўя узорам аховы здароўя
маці для іншых краін.

 

Па дадзеных
Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у краінах Цэнтральнай Амерыкі Нікарагуа і
Сальвадоры, у якіх аборт цалкам забаронены законам, назіраецца зніжэнне
мацярынскай смяротнасці на 44% з 1990 года.

 

«Другім
змяненнем арт. 27 Закона «Аб ахове здароўя», якое ўступіла у моц 27 снежня
2014, стала замацаванне абавязка арганізацый аховы здароўя аб стварэнні ўмоў і
забеспячэнні правядзення перадабортнага псіхалагічнага кансультавання жанчын»,
— адзначыла суразмоўца.

 

Паводле яе,
практыка перадабортнага кансультавання існуе ў большасці краін свету.

 

Так, пункт 1
§218а Крымінальнага кодэкса Германіі ўсталёўвае мінімальны перыяд чакання — 3
дні — з дня перадабортнай кансультацыі да дня ажыццяўлення аперацыі. Згодна з §
219 Крымінальнага кодэкса Германіі, Кансультацыя служыць абароне ненароджанага
жыцця, «каб надаць жанчыне мужнасці ў захаванні цяжарнасці і раскрыць ёй
перспектывы жыцця з дзіцем», а таксама дапамагчы ўсвядоміць, што «ненароджанае
дзіця ў любы перыяд цяжарнасці разам з ёй мае права на жыццё».

Кансультацыя
павінна ажыццяўляцца ў кампетэнтным органе, які адказвае за вырашэнне
канфліктных сітуацый, звязаных з цяжарнасцю. Лекар, які ажыццяўляе перапыненне
цяжарнасці, не можа быць кансультантам. За перапыненне цяжарнасці без
папярэдняга кансультавання, лекар нясе крымінальную адказнасць.

 

Пасля
абавязковага папярэдняга кансультавання выдаецца медыцынскае заключэнне ў
Германіі, Нарвегіі, Партугаліі, Ізраілі, дадала эксперт.

Болей навін