Прадстаўнік БХД у складзе беларускай дэлегацыі сустрэўся з мэрам Вільні
24 лютага ў Віленскай
самаўправе адбылася сустрэча мэра Вільні Артураса Зуокаса з прадстаўнікамі
беларускіх арганізацый Літвы, у тым ліку і прадстаўнік Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі Анатоль Міхнавец.
Беларускаму грамадству Літвы асоба Артураса Зуокаса добра вядомая.
Гэта адзін з нешматлікіх літоўскіх палітыкаў, які не толькі не стаіць у баку ад
беларускіх праблем, не толькі ідзе на дыялог з беларусамі, але ім аказвае
рэальную падтрымку і дапамогу. Аб гэтым засведчыла чарговая сустрэча.
За круглым сталом, на які
сабраліся прадстаўнікі шматлікіх беларускіх арганізацый (Таварыства беларускай
культуры ў Літве (в.а. старшыні Васіль Акуневіч), асацыяцыя “Крывія”
(старшыня Зміцер Карачун), Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і
ссыльных (старшыня Валянцін Стэх), грамадскае аб’яднанне “Беларускі музей імя
Івана Луцкевіча” (старшыня Людвіка Кардзіс) і іншыя грамадскія арганізацыі)
былі абмеркаваныя як бягучыя беларускія праблемы, так і шляхі да іх вырашэння.
Мэр Вільні Артурас Зуокас
паабяцаў не толькі дапамагчы ім вырашыць складаныя зацягнуўшыяся праблемы
беларускага грамадста літоўскай сталіцы, але і прапанаваў рэальную дапамогу.
Напрыклад, грамадскаму аб’яднанню “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” было
запрапанавана як варыянт памяшканне для музейнай дзейнасці.
Артурас Зуокас пагадзіўся не
толькі прыняць удзел у бліжэйшых беларускіх святах (22 сакавіка і 25 сакавіка)
але і дапамагчы ў іх арганізацыі.
Варта зазначыць, што каля месяца назад Артурас Зуокас прыняў у
сябе беларускага палітвязня Алеся Бяляцкага, які быў арыштаваны беларускімі
ўладамі і атрымаў 4,5 гады зняволення, пасля таго, як літоўскі бок перадаў яго
фінансавыя дадзеныя. Міністэрства Юстыцыі, якое тады ўзначальваў Рымігіюс
Шымашюс прызнала сваю памылку ў выдачы дадзеных. У прысутнасці грамадскасці
менавіта Рымігіюс Шымашус прасіў прабачэння ў сям’і Алеся Бяляцкага, у якой
канфіскавалі ўсю маёмасць і абяцаў аказаць дапамогу. Па нашых звестках ніякай
абяцанай дапамогі так і не паступіла. Беларусы Літвы хочуць запытацца ў
кандыдата на пост мэра Вільні, у чым канкрэтна заключалася тая дапамога і чаму
яна да гэтага часу не аказана сям’і Алеся Бяляцкага?
Артурас Зуокас жа прыняў у сябе
былога палітвязня і аказаў яму падтрымку і дапамогу, што яскрава сведчыць пра
тое, што гэта адзін з нямногіх палітыкаў, у якога слова не разыходзіцца са
справай.