Пад капірку: беларускія чыноўнікі адсправаздачыліся перад «Народным кантролем»

02 сакавіка 2015 12:52  |  Галоўныя навіны

Актывісты
кампаніі «Народны кантроль» “За якасную і даступную медыцыну”, якую
сумесна ладзяць у Менску прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД),
Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі (АГП), прафсаюза Радыё электроннай
прамысловасці (РЭП) і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (БСДГ),
атрымалі адказы на свой калектыўны зварот у Міністэрства аховы здароўя, Мінгарсавет
дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў.

 

Адказы дасланыя з трох
ведамстваў, але пры гэтым не змяшчаюць адказаў на пастаўленыя пытанні і прапановы,
а прадстаўляюць сабой фактычна справаздачу чыноўнікаў. Што цікава, хоць адказы
дасланыя з розных ведамстваў і падпісаныя рознымі людзьмі (старшынём Пастаяннай
камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя А.Цацохам, намеснікам старшыні
Менгарвыканкаму І.Карпенкам і першым намеснікам старшыні Камітэту па ахове
здароўя Менгарвыканкаму Д. Чараднічэнкам), напісаныя яны практычна пад капірку
і толькі ў некаторых месцах розняцца ў дробных дэталях.

 

“Столькі аднолькавага
мне яшчэ ніколі не прыходзіла. Звычайна напішуць, што перанакіравана і ўсе. А
тут даслалі тры аднолькавыя справаздачы. Асаблива мне спадабалася ў удказе Цацохі
«выкладзеныя ў звароце пытанні не тычацца кампетэнцыі Пастаяннай камісіі”, а адказ
на 8 аркушах”, – адзначыла каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.

Нагадаем, падпісанты звароту прасілі ўлады:

 

1. распрацаваць канкрэтную і даступную праграму стымулявання і
ўтрымання кадраў з указаннем тэндэнцый павышэння аплаты працы медработнікаў і
сацыяльных гарантый пасля размеркавання (жыллё і да т.п.).

 

2. Забяспечыць паліклінікамі новыя мікрараёны сталіцы, такія, як
Каменная Горка і Масюкоўшчына.

 

3. З прычыны недахопу вузкіх спецыялістаў удасканаліць практыку
набору ў медыцынскія ВНУ па вузкіх спецыяльнасцях.

 

4. Правесці рэвізію медыцынскага абсталявання ва ўсіх
медыцынскіх установах і пераразмеркаваць невыкарыстоўваемую тэхніку ў іншыя
медустановы. Замяніць маральна састарэлае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі
анкахворых. Забяспечыць комплексамі МРТ усе ўстановы, якім яны неабходныя, і
закупіць новую апаратуру для дыхання неданошаных дзяцей для Рэспубліканскага
цэнтра «Маці і дзіця».

 

5. Праводзіць перыядычную мамаграфію для жанчын старэйшых за 50
гадоў з абвесткай насельніцтва праз СМІ.

 

6. Запланаваць адкрыццё хоспіса для неракавых хворых у Мінску
(для інвалідаў 1 групы, хворых на Альцгеймера, ляжачых, з цяжкімі
недастатковасцямі і інш.) замест сацыяльных ложкаў у ракавых хоспісах.

 

7. Праводзячы палітыку імпартазамяшчэння, не парушаць правы
пацыента лекавацца прэпаратамі, якія ён згодны купіць за свае грошы і не
прымушаць лекараў выпісваць лекі толькі беларускіх вытворцаў.

 

8. Замовіць і трансляваць сацыяльную рэкламу на ТБ, якая
інфармуе грамадзян аб павышэнні адказнасці за сваё здароўе (аб своечасовым
звароце па меддапамогу).

 

9. Прыняць меры па забеспячэнні бальніц сярэднім медперсаналам,
а таксама санітаркамі (асабліва ў пасляаперацыйных палатах, для пацыентаў пасля
рэанімацыі, у аддзяленнях дэменцыі Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя).

 

10. Спрасціць працэдуру водпуску лекаў па рэцэптах.

Болей навін