Актывісты кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» сабралі больш за 25 тысяч подпісаў за змены ў заканадаўстве

19 сакавіка 2015 13:55  |  Галоўныя навіны

Больш за 25 тысяч подпісаў сабралі пад калектыўным зваротам
за змены ў заканадаўстве, якое датычыцца антыалкагольнай палітыкі дзяржавы,
актывісты кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю». Пра гэта
паведаміла юрыст, член аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» Вольга Кавалькова на пасяджэнні круглага стала ў Мінску 18
сакавіка. Паводле яе слоў, 20 тысяч подпісаў было накіравана ў Адміністрацыю
прэзідэнта, Савет Міністраў, міністэрства аховы здароўя, гандлю, эканомікі і
ўнутраных спраў у мінулым годзе, а каля пяці тысяч у сакавіку гэтага года.

 

У калектыўным звароце адзначаецца, што ў Беларусі неабходна
выкарыстоўваць паспяховы вопыт барацьбы з алкагалізмам цывілізаваных краін. «Мы
лічым неабходным дазволіць продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў
Менску толькі з 11.00 да 22.00 у спецыялізаваных аддзелах магазінаў, якія маюць
асобны ўваход, – распавяла Кавалькова. – Варта забараніць продаж алкаголю
асобам, якія не дасягнулі 21-гадовага ўзросту, а слабаалкагольных і
энергетычных напояў і піва – 18 гадоў. Неабходна забараніць рэкламу
алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама гандлёвых брэндаў і
фірмаў, якія маюць дачыненне да вырабу або рэалізацыі алкагольнай прадукцыі».

 

Грамадскія актывісты прапануюць таксама абавязаць вытворцаў
алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку цэнтрам, якія займаюцца
дапамогай людзям з алкагольнай залежнасцю і іх рэабілітацыяй.

 

Як падкрэсліла Кавалькова, занепакоенасць грамадскасці
выклікае той факт, што, па розных дадзеных, каля 1 млн беларусаў злоўжываюць
алкаголем, больш за 262 тыс. знаходзяцца на наркалагічным уліку, імкліва расце
жаночы алкагалізм.

 

«Беларусь займае лідзіруючыя месцы ў свеце па спажыванні
алкаголю. Пры гэтым у нашай краіне моцнае алкагольнае лобі. Пакуль дзяржава
праз заканадаўства не прадэманструе, напрыклад, што ненармальна прадаваць
алкаголь маладым людзям да 21 года, нічога не зменіцца», – сказала юрыст.

 

Як паведамляе БелаПАН, яна падкрэсліла, што неабходна
кансалідацыя зацікаўленых арганізацый і спецыялістаў, каб прадэманстраваць
«грамадски ціск на ўлады з мэтай прыняцця мер па антыалкагольнай палітыцы, каб
беларуская нацыя не вымерла».

Болей навін