Хоміч: святы абавязак кожнага беларуса ўшаноўваць Дзень Волі (відэа)

22 сакавіка 2015 10:17  |  Галоўныя навіны

Дзень Волі – гэта свята кожнага, хто бачыць нашу краіну
вольнай, моцнай і еўрапейскай дзяржавай. Прыйдзе час, і наш народ будзе
святкаваць гэту дату на дзяржаўным узроўні і ў кожнай сям’і, заяўляе ў эфіры Epramova лідар
Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.

 

“25 сакавіка – гэта дата, без якой немагчыма ўявіць
існаванне сённяшняй Беларусі. У гэты дзень амаль 100 гадоў таму беларускі народ
сцвердзіў сваё права «людзьмі звацца!». Нашы продкі аб’ядналіся, каб вярнуць
незалежнасць і стварыць сваю Беларускую Народную Рэспубліку”, – адзначае яна.

 

Паводле Марыны Хоміч, Дзень Волі – не свята адной ці
некалькіх партый. “Гэтая дата павінна аб’яднаць нас усіх у імкненні ўладкаваць
нашу дзяржаву так, як яе бачылі нашы продкі, і так, як гэтага хочам мы. Мы
павінны пераадолець раскол грамадства. Толькі дыялог і кансэнсус здолеюць
уратаваць Беларусь бездані канфліктаў”, – мяркуе палітык.

 

“Сённяшнія ўлады не заўважаюць гэту дату і падзяляюць
грамадзянаў на правільных і няправільных. Моцная ж дзяржава ўлічвае і паважае
меркаванне кожнага свайго грамадзяніна”, – падкрэслівае Марына Хоміч.

 

“Святы абавязак кожнага беларуса ўшаноўваць гэтую вялікую
дату, – кажа лідар МХД. – Далучайцеся да святочных мерапрыемстваў у Менску 25
сакавіка. Прыходзьце да кінатэатра «Кастрычнік» а 15-й гадзіне”.

 

Болей навін