Ад Яўгена Васьковіча лісты даходзяць толькі да маці
Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская
хрысціянскай дэмакратыі» па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук паведаміла
«НН», што ад палітвязня Яўгена Васьковіча даўно не прыходзяць лісты. Кабанчук
расказала, што Васьковічу было накіравана многа паштовых адпраўленняў, але на
ніводнае ён не адказаў.
«Звычайна Яўген адказвае на ўсе лісты. У мінулым годзе
падчас акцыі «Паштоўка палітвязню» мы на вуліцы раздавалі паштоўкі, прасілі іх
падпісаць і даслаць. Хтосьці падпісаўся «проста мінак». Дык тады ў офіс БХД
прыйшоў адказ ад Васьковіча з падзякай «проста мінаку» за віншаванне.
Аднак у гэтым годзе лістоў ад Васьковіча няма. На дзень
нараджэння Яўгена [26 лютага] яму многа хто пісаў, але ніхто пакуль не
пацвердзіў, што прыйшоў ад яго ліст, бо інфармацыяй пра лісты ад палітвязняў мы
абменьваемся. Маці Яўгена перад днём нараджэння ездзіла да яго на спатканне,
перадавала, што ў Яўгена ўсё добра і ён перадаваў усім прывітанні», — расказала
Таісія Кабанчук.
Маці Яўгена Васьковіча Рушанія кажа, што ёй лісты ад сына
прыходзяць:
«Раз-два на месяц Яўген піша, ён заняты, працуе, часу няма
асабліва пісаць. Піша, што ў яго ўсё добра, ён працуе. Са здароўем таксама няма
асаблівых праблем, толькі алергія часам здараецца. Ведаеце, пыльна там… 17
красавіка паеду на кароткае спатканне з ім».
Таксама Рушанія Васьковіч адзначыла, што Яўген пацвярджаў
атрыманне дасланых яму лістоў.
Яўген Васьковіч быў затрыманы 17 студзеня 2011 г., асуджаны
ў маі 2011 разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў
зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага
аддзялення КДБ.
Кірыла Хілько