Віталь Рымашэўскі: Дыялог Лукашэнкі і ЕС легітымізуе здачу незалежнасці
Супрацоўніцтва з ЕС аўтаматычна легалізуе усе дакументы,
прынятыя рэжымам Лукашэнкі ў апошнія 20 гадоў.
Былы міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт наведаў Мінск
у складзе дэлегацыі экспертаў з Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах.
Ён заявіў, што не выключана зняцце санкцый з беларускага рэжыму ў выпадку
вызвалення палітвязняў. Палітык, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі сказаў charter97.org, што поўнамаштабныя
адносіны ЕЗ з Беларуссю могуць прывесці да страты незалежнасці.
– Мне сапраўды шкада, што нават такія прынцыповыя палітыкі,
як Карл Більт, сёння падпарадкоўваюцца той агульнаеўрапейскай кан’юнктуры ў
дачыненні да Беларусі. Лічыць адзінай перашкодай для адносін наяўнасць
палітвязняў выглядае сёння як адмова ад усіх папярэдніх заяў і ад усіх
патрабаванняў па дэмакратызацыі.
Візіты такіх высокапастаўленых палітыкаў адбываюцца на фоне
ўзмацнення цэнзуры інтэрнэту, закрыцця інтэрнэт-рэсурсаў, чаго раней не было, а
таксама на фоне з’яўлення новых палітвязняў і падаўжэння старых тэрмінаў. Суды
над Юрыем Рубцовым і над Мікалаем Дзядком ішлі менавіта падчас такіх жа візітаў
еўрапейскіх чыноўнікаў. Па сутнасці, адбываецца паніжэнне планкі, – сказаў
палітык.
– Ці дастаткова вызвалення палітвязняў?
– Галоўнай гарантыяй дэмакратызацыі Беларусі і зменаў у
краіне з’яўляюцца сумленныя і свабодныя выбары. Безумоўна, палітвязні павінны
быць вызваленыя, але калі мы сёння адзіным пунктам умоў для супрацоўніцтва з
Захадам зробім іх вызваленне, тым самым мы адкрываем шлях для бескантрольнага
гандлю новымі закладнікамі рэжыму.
Такое паніжэнне планкі прывядзе да таго, што беларускія
ўлады не толькі не вызваляць цяперашніх палітычных зняволеных, але і адвядзе
момант вызвалення цяперашніх.
– Уявім, Лукашэнка сапраўды ўсіх адпусціць і ЕС пойдзе на
супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. Чым гэта небяспечна?
– Поўнамаштабныя дыпламатычныя адносіны азначаюць дэ-факта
легалізацыю беларускага рэжыму, які юрыдычна не быў прызнаны з часоў
правядзення непрызнанага АБСЕ рэферэндуму. Улада ў Беларусі была прызнана
нелегітымнай. Адпаведна, дэ-юрэ можна паставіць пад сумнеў усе тыя акты, якія
былі падпісаны беларускімі ўладамі за апошнія 20 гадоў. А асабліва небяспечныя
акты і пагадненні тыя, якія вядуць да страты незалежнасці. Гэта і ўваходжанне ў
эканамічныя саюзы, і размяшчэнне ваенных баз, і ўваходжанне ў АДКБ, і
заключэнне ваенных пагадненняў, якое дэ-факта анулюе нейтральны статус
Беларусі, гэта знішчэнне беларускай мовы на заканадаўчым і на практычным
узроўні. Сёння можна паставіць пытанне легітымнасці гэтых дакументаў. Але ў
выпадку легітымізацыі рэжыму, усе акты па здачы незалежнасці легалізуюцца
Еўрасаюзам аўтаматычна. Таму аднаўленне супрацоўніцтва прывядзе не толькі да
ўмацавання дыктатуры ў Беларусі, але таксама будзе чарговым ударам па
незалежнасці.