Дэмакратычныя сілы Беларусі падрыхтавалі папраўкі ў выбарчае заканадаўства
Дэмакратычныя
сілы Беларусі, у межах кампаніі назірання «Права выбару», прапануюць вынесці на
разгляд парламента законапраект, які змяняе практыку правядзення выбараў і
рэферэндумаў у краіне. Ініцыятыва падтрымана Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыяй, Партыяй БНФ, кампаніяй «Гавары праўду!», БСДП (Г), Рухам за
Свабоду і іншымі арганізацыямі-ўдзельнікамі кампаніі назірання.
Законапраект
заснаваны на высновах і рэкамендацыях нацыянальных назіральнікаў па выніках
выбарчых кампаній 2010-2014 гадоў, рэкамендацыях міжнародных місій па назіранні
за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, практыцы прымянення змяненняў і дапаўненняў, унесеных у
Выбарчы кодэкс Беларусі ў 2013 годзе, і перадавой практыцы развіцця выбарчага
заканадаўства ў Еўропе.
Мэта дакумента –
дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Асаблівае значэнне прапанаваныя ў ім
нормы маюць для забеспячэння захавання прынцыпаў свабодных і справядлівых
выбараў, ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні.
Законапраект будзе спрыяць захаванню роўнасці правоў і абавязкаў кандыдатаў,
свабоднаму ажыццяўленню агітацыі, раўнапраўя палітычных сілаў, выключэнню
выкарыстання дзяржаўнай улады для незаконных маніпуляцый, прадухілення фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
«Мы распрацоўваем
нашы прапановы па рэфармаванні выбарчай сістэмы, і будзем настойваць на іх
унясенні. Але галоўнае змяненне, якое неабходна для таго, каб можна было
сказаць, што выбары ў Беларусі прайшлі дэмакратычна, гэта правапрымяняльная
практыка. Нават тыя законы, якія цяпер існуюць, не выконваюцца. Таму кампанія
назірання “Права выбару» ў сваіх выніковых ацэнках будзе зыходзіць не
толькі з «літары” закона, але ў першую чаргу з рэальнай сітуацыі на тых
выбарчых участках, на якіх будуць прысутнічаць нашы назіральнікі», – адзначыў
кіраўнік кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі.
Законапраект
прадугледжвае скасаванне палажэнняў, якія з’яўляюцца прадметам крытыкі з боку
нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, а таксама ўвядзенне дадатковых
гарантый свабодных і справядлівых выбараў.
Так, павышаецца
рэпрэзентатыўнасць тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, пашыраюцца
магчымасці палітычных партый для ўдзелу ў правядзенні выбараў шляхам
накіравання сваіх прадстаўнікоў у склад выбаркамаў, прадугледжваецца ўвядзенне
інстытута членаў ЦВК з правам дарадчага голасу на парламенцкіх і мясцовых
выбарах.
Таксама ўводзяцца
дадатковыя гарантыі свабоднага і бесперашкоднага ажыццяўлення назірання за працэсам
галасавання і падлікам галасоў, прадугледжваецца пашырэнне магчымасцяў
інфармавання грамадзян аб дзейнасці выбаркамаў з дапамогай інтэрнэту.
Прапануецца
стварэнне рэспубліканскага рэестра выбаршчыкаў, скарачэнне перыяду датэрміновага
галасавання да двух дзён з увядзеннем дадатковых мер, накіраваных на
прадухіленне прымусу да датэрміновага галасавання, датэрміновага галасавання
без дастатковых падстаў, незаконных маніпуляцый са скрынямі для галасавання ў
перыяд датэрміновага галасавання.
Прадугледжваецца
магчымасць онлайн-трансляцыі, відэаназірання і відэазапісу з выбарчых участкаў,
абавязковы выраб скрынь для галасавання з празрыстага матэрыялу.
Здымаюцца
абмежаванні на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў, адмяняецца
забарона агітацыі на карысць няўдзелу ў выбарах.
Уводзіцца статус
асабістай недатыкальнасці і іншыя гарантыі дзейнасці для ўсіх кандыдатаў у
прэзідэнты, прадугледжваецца ўвядзенне інстытута члена ўчастковага,
тэрытарыяльнага выбаркама з правам голасу, накіраванага ў якасці прадстаўніка
кандыдата ў прэзідэнты пасля яго рэгістрацыі.
Пашыраюцца
магчымасці для грамадскага кантролю за выбарамі шляхам ўрэгулявання працэдуры
стварэння і фарміравання складу Назіральнай рады па кантролі за выкананнем
парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі, у якім абавязкова будуць
удзельнічаць і прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, праваабарончых і іншых
аб’яднанняў.
Акрамя таго,
пашыраюцца магчымасці для судовага кантролю за дзейнасцю органаў, якія
ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў, у тым ліку абскарджання
дзеянняў выбаркамаў і іншых парушэнняў заканадаўства.