Падрыхтаваная заяўка на «Чарнобыльскі шлях»
У Менску 26 красавіка плянуецца «Чарнобыльскі шлях» — ад пляцоўкі каля Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
«У 12 гадзін 10 красавіка будзе прэсавая канфэрэнцыя на сядзібе БНФ. У гэты ж дзень мы падаём заяўку ў Менгарвыканкам. Пад заяўкай ужо стаяць подпісы — мой і старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Сёлета 26-га якраз прыпадае на нядзелю. Дзеля таго, каб улады зноў не паспрабавалі сарваць збор людзей, гэта найбольш прыдатны час, бо субота будзе працоўная, а тут якраз выходны. Традыцыйныя тэмы акцыі — гэта ўшанавааньне ахвяраў чарнобыльскай трагедыі, гэта патрабаваньне да ўладаў аб ліквідацыі наступстваў катастрофы і гэта заклікі не паўтараць памылак мінулага, не будаваць новую АЭС, тым больш ненадзейнымі расейскімі падрадчыкамі».
У Дзень Волі ўлады не дазволілі правесьці акцыю ў час, які прасілі арганізатары, і перанесьлі яе пачатак на дзьве гадзіны раней. Арганізатары шэсьця павінны заплаціць 20 мільёнаў міліцыі за ахову грамадзкага парадку.