У Беластоку знайшлі магілу ксяндза-сябра БХД

22 красавіка 2015 15:43  |  Грамадства

Новая кропка з’явілася на мапе “Беларускага Беластока” –
гэта месца пахавання ўраджэнца Саколкі, ксяндза Антона Леоша (1896 – 1975).
Вядома, што ён быў чальцом Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прыхільнікам
беларусізацыі каталіцкага касцёла на беларускіх землях, з 1945 года з’яўляўся
пробашчам парафіі Беласток-Дайліды.

 

Расказвае аўтар праекта “Беларускі Беласток” Аляксей
Трубкін:

 

– Пра гэтае
пахаванне мне паведаміў кіраўнік Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль
Міхнавец. Адзінае, што было вядома, дык гэта тое, што пахаваны на Дайлідах, быў
беларускім каталіцкім дзеячам, пробашчам, ксяндзом. У прынцыпе, гэта ўся
інфармацыя, якая была. Пошукі не былі працяглымі, бо інфармацыя пра яго была ў
польскіх крыніцах, інтэрнэце. Таму я хутка знайшоў інфармацыю пра тое, дзе ён
пахаваны.

 

Мапу “Беларускага Беластока” знойдзем на сайце Беларускага
Радыё Рацыя. Там таксама пазначаныя месцы пахавання іншых дзеячаў, у тым ліку
сына Ларысы Геніюш – Юркі Геніюша; пісьменнніка, краязнаўцы і педагога Міколы
Гайдука; праваслаўнага дзеяча і кампазітара Канстанціна Кіслага ды іншыя.
Аляксей Трубкін просіць усіх, хто мае інфармацыю пра іншыя пахаванні вядомых
беларусаў, паведамляць у рэдакцыю нашага радыё.

 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна

Болей навін