БХД заклікае Беларусь прызнаць генацыд армян
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае кіраўніцтва
Беларусі афіцыйна прызнаць адну з найстрашнейшых катастроф ХХ стагоддзя –
генацыд армян, пантыйскіх грэкаў і хрысціян-асірыйцаў у Асманскай імперыі.
Дата 24 красавіка ўшаноўваецца ўва ўсім свеце як дата
пачатку 100 гадоў таму, 24 красавіка 1915 года, масавага знішчэння і дэпартацыі
хрысціянскага насельніцтва Асманскай імперыі – перадусім армянаў, але таксама
грэкаў і асірыйцаў. Ахвярамі генацыду, які цягнуўся да 1923 года, сталі больш
як 1,5 млн чалавек, у тым ліку дзеці, жанчыны і старыя.
Сёння Турцыя, якая з’яўляецца пераемніцай Асманскай імперыі,
працягвае адмаўляць злачынствы сваіх папярэднікаў, прыдумляючы разнастайныя
апраўданні генацыду. Адмаўленне такіх жудасных злачынстваў, іх неасуджэнне,
ствараюць глебу для новых масавых забойстваў і здзекаў. Гэта мы яскрава бачым
на прыкладзе суседніх с Турцыяй Сірыі і Іраку, дзе ад рук ісламістаў
працягваюць гінуць хрысціяне.
Мы ўпэўненыя, што прызнанне Беларуссю генацыду армянаў
падштурхне іншыя краіны да падобных дзеянняў і, у рэшце рэшт, прывядзе да
прызнання яго ў Турцыі. А гэта, у сваю чаргу, разам з прызнаннем злачынстваў
нацызму спрычыніцца да асуджэння іншых злачынных рэжымаў і практык у гісторыі і
сучаснасці, у тым ліку камуністычных.