Мінздар Беларусі падтрымлівае прапановы БХД па дэалкагалізацыі, “палатку” – усё задавальняе

20 мая 2015 17:18  |  Галоўныя навіны

У адказ на калектыўны зварот грамадзян у межах
кампаніі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”
Міністэрства аховы Беларусі паведамляе каардынатару кампаніі Вользе Кавальковай,
што падзяляе выказанае ў звароце меркаванне, “што праблема п’янства і
алкагалізму працягвае заставацца адной з самых сацыяльна значных і актуальных
для нашага грамадства”.

 

“Большасць з пералічаных у калектыўным звароце
прапаноў Міністэрства лічыць абгрунтаванымі і мэтазгоднымі”, – гаворыцца ў
адказе ад 7 траўня за подпісам першага намесніка міністра Дзмітрыя Піневіча.

 

Паводле яго, некаторыя з гэтых прапаноў раней
Мінздар раней прапаноўваў унесці ў заканадаўства (дазволіць продаж алкаголю
толькі ў асобных залах з асобным уваходам, абмежаваць гандаль алкаголем з 21:00
до 09:00 і не прадаваць яго асобам да 21 года, істотна павялічваць акцызы і
цэны на алкаголь, цалкам забараніць рэкламу алкаголю).

 

Апроч таго, у распрацоўваемы законапраект “Аб
унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па
пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчаючай
прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” ўнесеныя прапановы: забараніць у
рознічным гандлі прадаваць тавары дзяцей разам з алкагольнымі напоямі;
прадугледзець забарону продажу алкаголю на АЗС; забараніць продаж алкаголю на
аб’ектах паштовай сувязі і аб’ектах побытавага абслугоўвання насельніцтва.

 

“Міністэрства дзякуе Вам за грамадзянскую
пазіцыю па дадзеных пытаннях”, – адзначае Дзмітрый Пінкевіч.

 

Дзякуюць Вользе Кавальковай і часова
выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку
і прафілактыкі МУС Беларусі Алег Каразей. Паводле яго, па ініцыятыве МУС ва
ўзгаданы законапраект унесеныя прапановы па абмежаванні продажу алкаголю з
09:00 до 22:00, забароне рэалізацыі алкаголю па-за ізаляваных аб’ектаў. “У
працы дапаўненні па забароне гандлю алкагольнымі напоямі на аўтазаправачных
станцыях”, – паведамляе Алег Каразей.

 

А вось Міністэрства гандлю (адказ за подпісам
намесніка міністра Ірыны Наркевіч), Мінгарвыканкам (падпісаў адказ намстаршыні
Ігар Карпенка) і Палата прадстаўнікоў (старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай
палітыцы і будаўніцтву Уладзімір Пузырэўскі) вырашылі абмежавацца канстатацыяй
і апісаннямі таго, што зроблена. “Нашай дзяржавай праводзіцца паслядоўная
палітыка па барацьбе з алкаголем”, – адзначае Уладзімір Пузырэўскі. І гэта пры
тым, што па розных ацэнках Беларусь так ці інакш уваходзіць у топ-10 краін свету
па ўзроўні спажывання алкаголю.

 

«Праграма дзяржаўнай палітыкі за апошнія
чатыры гады ніколі не выконвалася, пакуль мы не пачалі кампанію. Зараз улады
спрабуюць неяк змяніць заканадаўства, бо баяцца крытыкі ў свой бок, бо ў
прынцыпе нічога не робяць у кірунку дэалкагалізацыі», – адзначае каардынатар
кампаніі “Абаронім дзяцей ад алкаголю” Вольга Кавалькова.

Болей навін