Кампанія па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015”: Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці

04 чэрвеня 2015 09:15  |  Галоўныя навіны

Кампанія па назіранні за
выбарамі “Права выбару-2015” накіравала заяву ў Камітэт дзяржкантролю з
просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці службовых асобаў Цэнтральнай
камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх
рэферэндумаў у сувязі з ігнараваннем калектыўных прапановаў па зменах у
выбарчым заканадаўстве, якія былі падрыхтаваны экспертамі кампаніі.

 

7 красавіка за подпісам
прадстаўнікоў 8 палітычных структур, якія ўваходзяць ў кампанію “Права выбару
2015” былі накіравны на адрас Цэнтрвыбаркама калектыўныя прапановы па змяненні
выбарчага заканадаўства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, аднак дагэтуль не
атрыманы ніякі адказ. У якасці пацвярджэння сваіх словаў каардынатар кампаніі
мае копію звароту і копію квітанцыі аб аплаце за адпраўку поштай зварота
заказным лістом.

 

У адпаведнасці з арт. 17
Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных
асобаў”, пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней пятнаццаці
дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, – не пазней
аднаго месяца, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі.

 

Паводле аднаго з
кіраўнікоў кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніса Садоўскага Цэнтрвыбаркам
парушыў п.3 арт.17 гэтага закона (права заяўнікаў на атрыманне адказу на
звароты ва ўстаноўлены тэрмін), што з’яўляецца правапарушэннем, адказнасць за
якое прадугледжана арт.9.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях
Рэспублікі Беларусь “Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і
юрыдычных асобаў”.

 

“Нават такія простыя
рэчы, як выкананне закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”,
Цэнтрвыбаркам на чале з яго кіраўнічкай Лідзіяй Ярмошынай не выконвае. Калі не
працуе закон у такой драбязе, то паўстае пытанне, ці можна чакаць ад
Цэнтрвыбаркама выканання выбарчага заканадаўства? Кампанія “Права выбару-2015”
будзе і надалей сачыць за дзейнасцю Цэнтральнай выбарчай камісіі і дабівацца
выканання заканадаўства на ўсіх этапах кампаніі”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

 

Нагадаем, што акрамя Цэнтрвыбаркаму
калектыўны зварот з прапановамі аб зменах у выбарчым заканадаўстве быў высланы
ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты ў
сваім адказе паведамілі, што зварот перададзены ў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі
Нацыянальнага сходу, а таксама, што планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2015
год, які зацверджаны Указам прэзідэнта, распрацоўка законапраекта, карэктуючага
палажэнне законаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і
рэферэндумаў не прадугледжваецца.

 

У кампанію па назіранні
за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух за
Свабоду!”, Партыя БНФ, Партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай
прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

 

Галоўнай мэтай кампаніі
з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне
парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў
і аператыўнае рэагаванне на іх.

Болей навін