Абласны суд не задаволіў скаргу актывіста аргкамітэту БХД з Аршаншчыны

08 чэрвеня 2015 11:06  |  Галоўныя навіны

Сваёй пастановай ад 4 чэрвеня калегія Віцебскага абласнога
суду ў складзе судзьдзяў Тацьцяны Матушайкес, Натальлі Хількевіч і Ніны
Сазонавай, разгледзеўшы касацыйную скаргу старасты вёскі Стаўры Ігара Грышанава
на рашэньне суду Аршанскага раёну і гораду Воршы наконт зносу кіраўніцтвам
Аршанскай птушкафабрыкі будынку вясковага клюбу, пакінула яго ў сіле.

 

Дзеяньні кіраўніцтва птушкафабрыкі, якое зьнсла «лядашчы»
будынак клюбу, капітальны рамонт якога быў у 2013 годзе, актывіст сьпярша
намагаўся аспрэчыць у раённым судзе, але праўды дамагчыся там не ўдалося. Суд
спаслаўся на тое, што пазоўнік не скарыстаўся нормай закону, якая давала яму
магчымасьць абскардзіць дзеяньні адказчыка ў судовым парадку ў месячны тэрмін –
гэты тэрмін быў прапушчаны. Грышанаў прасіў суд аднавіць прапушчаны тэрмін, але
хадайніцтва пра гэта задаволенае не было.

 

Цяпер абласны суд пацьвердзіла рашэньне раённага суду: на
думку судзьдзяў судовай калегіі падставаў для скасаваньня рашэньня, вынесенага
судом ніжэйшай інстанцыі, няма.

 

Перад пачаткам слуханьняў у аблсудзе Ігар Грышанаў
хадайнічаў пра далучэньне да матэрыялаў справы фотаздымкаў клюбу, на якіх
відаць, што будынак знаходзіўся ў добрым стане і мог бы не адно дзесяцігодзьдзе
быць задзейнічаны па сваім непасрэдным прызначэньні. Гэтаксама да матэрыялаў
справы былі далучаныя і фотаздымкі мерапрыемстваў, што ладзіліся ў ягоных
сьценах. Адзін са здымкаў адлюстроўваў вядомы на ўсю Аршаншчыну мясцовы
фальклёрны калектыў «Гаспадынька», які там ня толькі выступаў, але і праводзіў
свае рэпэтыцыі.

 

Адстойваючы ўласнае права і права сваіх аднавяскоўцаў на
далучанасьць да культурнай сфэры, адной са складовых частак якой клюб і
зьяўляўся, стараста вёскі Стаўры, даючы тлумачэньні па сутнасьці справы,
распавёў: «У будынку сельскага Дому культуры ладзіліся сустрэчы з дэпутатамі,
мясцовымі чыноўнікамі; праводзіліся вясковыя сходы, канцэрты; спыняліся падчас
свайго наведваньня мэдыкі, якія рабілі агляд наведвальнікаў; у клюб прыяжджалі
артысты. А зараз, чатыры дні таму, на Дзень вёскі канцэрт ладзіўся наўпрост на
дварэ. Надоечы прыяжджалі лекары і праводзілі агляд на лаўцы, каля маёй
сядзібы. Прыйшлося запрасіць людзей дадому, рассадзіць на ложках. Раней ўсё
гэта праводзілася ў клюбе. Дык што клюб жыцьцёва неабходны нашай вёсцы. Мы
хочам захоўваць свае звычаі і традыцыі. Двойчы на год я прывожу сьвятара – на
Вялікдзень і Вадохрышча. Раней, калі надвор’е не дазваляла, мы мелі магчымасьць
перайсьці ўсе ў клюб, цяпер гэтай магчымасьцю ўжо не скарыстацца. А ў вёсцы на
цяперашні момант жыве шэсьцьдзесят шэсьць чалавек, а з тымі, хто прыяжджае на
свае лецішчы, – ажно сто сем».

 

Падчас судовага паседжаньня чальцы абласной калегіі
судзьдзяў выказалі цікаўнасьць да акалічнасьцяў, зьвязаных з капітальным
рамонтам клюбу, праведзеным у 2013 годзе на сродкі раённага аддзелу культуры.
Адказваючы на іх пытаньне, спадар Грышанаў патлумачыў: «У 2013 годзе аддзел
культуры закупіў будматэрыялы, дошкі, засыпалі столь, нанова перакрылі дах,
памянялі падлогу, аздобілі сьцены – вялікія грошы ўклалі. Цалкам яго
адрамантавалі, стала чысьценька, акуратненька. З 2000 году будынак на балянсе
птушкафабрыкі. Хаця ніякіх дакумэнтаў на будынак клюбу не было, але на працягу
чатырнаццаці гадоў ён здаваўся ў арэнду аддзелу культуры і нехта, відаць,
атрымоўваў за гэта добрыя барышы. Людзі абураныя існаваньнем у раёне гэткіх
карупцыйных схемаў. Адстойваючы свае правы, я спадзяваўся, што мой зварот у суд
дасьць магчымасьць спагнаць з аршанскай птушкафабрыкі мільярд рублёў на
пабудову новага Дома культуры для вяскоўцаў».

 

Пры канцы свайго выступу перад судзьдзямі Ігар Грышанаў
выказаў спадзяваньне на разуменьне чальцамі судовай калегіі сутнасьці справы і
веру ў справядлівасьць іхнага вэрдыкту, бо клюб быў для вяскоўцаў нібыта
царквой: «Такім чынам, была разбураная сьвятыня нашай нацыянальнай культуры.
Гэтым прайдзісьветам, злачынцам трэба ўсё панішчыць і зьехаць за мяжу», – заявіў
вясковы стараста.

 

Аднак пранікнёныя словы Ігара Грышанава не расчулілі
судзьдзяў абласнога суду, якія не задаволілі ягоную скаргу.

 

«Вялікай надзеі на станоўчае вырашэньне нашай праблемы ў
мяне не было , – пракамэнтаваў Ігар Грышанаў рашэньне абласнога суду, – бо на
сёньняшні дзень баль у гэтай краіне правяць тыя, у каго грошы і ўлада. Увесь
гэты судовы працэс засьведчыў сумную ісьціну: нашы звычаі і традыцыі ім не
патрэбныя. І ніхто ня змусіць іх дбаць пра перадачу нацыянальных здабыткаў
нашым нашчадкам. Наша грамадзтва хворае, і ўлада ў гэтых умовах асабліва
шчыруе: трэба зьнесьці – зьнесьлі, трэба здаваць у арэнду без аніякіх
дакумэнтаў – калі ласка!»

Болей навін