З’езд БХД прыме абноўленую і пашыраную праграму
На 5-м устаноўчым з’ездзе БХД, які мае адбыцца 13 чэрвеня ў
Менску, плануецца прыняць абноўленую і пашыраную праграму Беларускай
Хрысціянскай Дэмакратыі.
Ранейшая праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі мела
тэзісны характар і аб’ём 14 старонак. Праект новай праграмы, які будзе
прапанаваны на разгляд дэлегатаў з’езду, разгорнуты да аб’ёму каля 100
старонак. Кожны з раздзелаў – «Народ і краіна», «Царква», «Асоба і супольнасць», «Дзяржаўны
лад», «Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання», «Замежная
палітыка», «Бяспека і праваахова», «Правасуддзе», «Эканоміка, бізнэс і праца», «Сацыяльная
абарона», «Прырода і экалогія», «Моладзь, сям’я і адукацыя» – змяшчае канкрэтныя прапановы ў заканадаўства.
«Вялікі праграмны праект рыхтавалі больш як тры гады, – кажа
сустаршыня Павал Севярынец. – У распрацоўцы праграмы прымалі ўдзел беларускія
эксперты з хрысціянска-дэмакратычнага “Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку”, шмат што ўзята з досведу еўрапейскіх хрысціянска-дэмакратычных
партыяў, асабліва з нямецкай ХДС/ХСС. У рэдагаванні ўдзельнічалі беларускія
святары розных канфесій. Новая праграма мае назву «Народная партыя з хрысціянскім
сэрцам»».
Акрамя гэтага, на з’ездзе будуць прынятыя дакументы для
рэгістрацыі партыі ў мінюсце, абмеркаваныя палітычныя і сацыяльныя кампаніі,
святкаванне стагоддзя БХД у 2017 годзе і абрана новае кіраўніцтва.
БХД чакае ад Мінгарвыканкаму дазволу на правядзенне з’езду.
Правядзенне чатырох папярэдніх з’ездаў было дазволена ўладамі за некалькі дзён да
падзеяў. Але з’езд 13 чэрвеня адбудзецца ў Менску ў любым выпадку, сцвярджаюць
у кіраўніцтве БХД.