БХД абураная апошнімі заявамі і дзеяннямі расійскіх уладаў
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказвае рашучае абурэнне
ў сувязі з апошнімі заявамі і дзеяннямі расійскіх уладаў у дачыненні да
Беларусі.
Заявы расійскага амбасадара Аляксандра Сурыкава пра
падтрымку падчас кампаніі 2015 года Аляксандра Лукашэнкі з’яўляюцца нічым
іншым, як умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны. Відавочна, што падтрымка
гэтая будзе не маральнай. На яе будуць скіраваныя ўсе сілы прапаганды расійскіх
тэлеканалаў, будуць вылучаныя гіганцкія крэдыты, каб падтрымаць нежыццяздольную
эканоміку, разбураную 21-гадовым кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі. У замен жа за
сваю падтрымку Масква будзе патрабаваць чарговых саступак ад уладаў краіны.
Заклікі ж Сурыкава не баяцца расійскіх імперскіх амбіцый
выглядаюць фарсам на фоне інфармацыі пра збіты расійскі беспілотнік у
Мсціслаўскім раёне. На фоне развязаных Расіяй войнаў і акупацыяй ёю тэрыторый у
Малдове, Грузіі і Украіне. Пасля выпадку з беспілотнікам амбасадар Расіі мусіць
быць выкліканы ў МЗС Беларусі, а не раздаваць інтэрв’ю ў беларускай сталіцы.
Для Беларускіх Хрысціянскіх Дэмакратаў відавочна, што ўся
знешняя палітыка Расіі ў дачыненні да Беларусі мае на мэце пазбаўленне краіны
рэштак суверэнітэту і канчатковае ператварэнне ў квазі-дзяржаву тыпу “ДНР” і
“ЛНР” з расійскімі і прарасійскімі прайдзісветамі на чале.