Еўрапейская Народная Партыя патрабуе зарэгістраваць БХД
На адрас Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі паступаюць лісты віншаванняў ад імя сусветных палітыкаў з нагоды Пятага ўстаноўчага з’еду партыі. Прапануем вашай увазе ліст пасланне ад Жазэфа Доля, прэзідэнта Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕНП).
“Пятаму З’езду БХД
Пасланне ад Жазэфа Доля, прэзідэнта Еўрапейскай Народнай Партыі (ЕНП)
Шаноўныя сустаршыні,
Шаноўныя сябры Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя,
Шаноўнае спадарства,
Ад імя Еўрапейскай Народнай Партыі, найбуйнейшай еўрапейскай палітычнай сям’і, дазвольце мне перадаць вітанні ўдзельнікам пятага З’езду БХД. Віншую Вас з нагоды ўстаноўчага З’езду ў Палацы Культуры Мінскага Трактарнага Заводу. Гэта ваша пятая спроба афіцыйна зарэгістраваць партыю; спадзяюся, у гэты раз усе атрымаецца.
Беларускія ўлады зрабілі ўсе, каб перашкодзіць вашай партыі правесці гэты з’езд і зарэгіставацца юрыдычна. Я высока ацэньваю вашу настойлівасць і моцнае перакананне, не гледзячы на ўвесь ціск і запужванне, якое вы церпіце ў штодзённым палітычным жыцці. ЕНП заклікае беларускія ўлады спыніць гэтую ганебную практыку, якая робіць Беларусь адзінай краінай ў Еўропе, дзе рэгістрацыя дэмакратычнай партыі блакуецца на працягу некалькіх год. Ваша рэгістрацыя будзе важнай не толькі для БХД і яе членаў; яна таксама будзе знакам надзеі для вашых суграмадзян і маленькім крокам на шляху да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
Дарагія сябры,
Я хачу падтрымаць вашу адданасць да прасоўвання хрысціянскіх дэмакратычных каштоўнасцяў у вашай краіне і горача заклікаю вас працягнуць барацьбу за свабодную, дэмакратычную і праеўрапейскую Беларусь. Як вы ведаеце, ЕНП заўсёды была і будзе на баку тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю.
Але гэтая барацьба можа быць паспяховай толькі, калі беларуская апазіцыя застанецца адзінай. І гэта я кажу ў кожнай краіне, дзе я бываю: разам мы пераможам, падзеленыя мы губляем. Таму я настойліва заклікаю ўсе беларускія правацэнтрысцкія партыі, якія падзяляюць адны і тыя ж каштоўнасці, ісці адзінымі з адзіным кандыдатам насустрач наступнаму выпрабанню, будучай прэзідэнцкай кампаніі. Адзінства і адзіны кандыдат ад апазіцыі з’яўляецца жыццёва важным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Еўрапейская Народная Партыя будзе ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў вашай краіне і будзе працягваць падымаць свой голас і стаяць за сваіх партнёраў, пакуль Беларусь не стане свабоднай і дэмакратычнай. ЕНП верыць у дэмакратычную будучыню для вашай краіны.
Дарагія сябры Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, я жадаю вам выдатных дэбатаў і паспяховага кангрэсу. Жыве Беларусь!
Шчыра Ваш,
Жазэф Доль”
«Еўрапейская Народная Партыя – наш сталы партнёр. І міжнародная салідарнасць – адзін з фундаментальных прынцыпаў для хрысціянскіх дэмакратаў ва ў свеце, якая вельмі важная ва ўмовах сённяшняй Беларусі. У пасланні прэзідэнта ЕНП падкрэсліваецца, што ў Еўропе ёсць сілы, якія захоўваюць крытычнае стаўленне, якія разумеюць становішча, што пануе ў Беларусі. Мы спадзяемся, што будзе пачуты заклік да адзінства ўсіх кансерватыўных сіл. Хрысціянскія дэмакраты ў сваю чаргу працягнуць курс на яднанне беларускіх сілаў на глебе супольных каштоўнасцяў”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.