У Мядзеле КДБ затрымаў актывістку БХД
12 чэрвеня сярод белага дня ў Мядзеле супрацоўнікі мясцовага міжраённага аддзялення Упраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласці затрымалі дэлегата V устаноўчага З’езду Партыі БХД 28-гадовую Ганну Уліцкую.
Дзяўчына ішла ў краму, што ў цэнтры горада, а там яе ўжо чакаў оперупаўнаважыны КДБ, які прымусіў прайсці ў свой службовы кабінет. Там Ганне Уліцкай сам на сам было зададзена багата пытанняў па дзейнасці грамадскіх актывістаў БХД Мядзельскага раёна. Асабліва КДБ цікавіла пытанне “Хто дае грошы апазіцыі?” У Ганны без складання пратакола канфіскавалі мабільны тэлефон і адпусцілі.
Каардынатар па Мядзельскім раёне аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД Зміцер Вінаградаў мяркуе, што затрыманне актывісткі Ганны Уліцкай адбылося перад З’ездам з мэтай застрашвання і памяншэння колькасці дэлегатаў і гасцей.