Еўрапарламент захоўвае прынцыповую пазіцыю да Беларусі
Сустаршыня БХД Павал Севярынец 19 чэрвеня ўзяў удзел у сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапарламенту, якая наведвае з афіцыйным візітам Беларусь. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі Анатоль Лябедзька, Ірына Вештард, Андрэй Дзмітрыеў і Валер Ухналёў.
Павал Севярынец на сустрэчы праінфармаваў еўрапарламентароў пра супольную пазіцыю дэмакратычных сіл адносна кампаніі 2015 года, пра з’езд БХД, падрыхтоўку да падачы дакументаў на рэгістрацыю партыі, што мусіць быць тэстам для ўладаў, узняў пытанне палітвязняў і рэпрэсій у дачыненні да грамадскіх актывістаў.
У дэлегацыю Еўрапарламента сярод іншых уваходзяць кіраўнік групы па Беларусі Богдан Здруеўскі, віцэ-старшыня фракцыі ЕНП у Еўрапарламенце Сандра Калніетэ. Яны сустракаюцца з афіцыйнымі ўладамі, апазіцыяй, праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. “Трэба адзначыць, што дэлегацыя ЕП не сустракалася з “палаткай”. Яе як не прызнавалі законнай, так і не прызнаюць. Прайшла сустрэча толькі з Саветам Рэспублікі, які ў Еўропе лічаць часткай адміністрацыі”, – адзначыў Павал Севярынец.
Прадстаўнікі ЕП на сустрэчах з афіцыйнымі ўладамі ўздымаюць пытанні палітвязняў і свабодных выбараў, рэгістрацыі партый і грамадскіх арганізацый.