Сябра БХД вінавацяць у працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі

25 чэрвеня 2015 18:40  |  Палітыка

Сябра БХД вінавацяць у працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі

25 чэрвеня незалежных журналістаў з Глыбокага (Віцебская вобласць) Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача выклікалі ў міліцыю. Па выніках размовы ў міліцыі Таццяна Смоткіна распавяла, што супраць яе распачатая адміністрацыйная справа за выраб матэрыяла “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўным”, размешчанага 9 чэрвеня на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).

Гутарка ў міліцыі з журналістам, сябрам БХД Змітром Лупачам тычылася публікацыі “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года”, размешчаным на сайце “Еўрарадыё”.

– Інспектар паказаў мне раздрукоўку гэтага тэксту без пазначэння аўтарства, а таксама ксеракопію з газеты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку супрацоўніка міліцыянта, аўтарства артыкула ў газеце з’яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Спадар Барыла даслаў запыт, ці маю я акрэдытацыю як журналіст “Еўрарадыё”, і цяпер чакае адказу, – распавёў ГА “БАЖ” Зміцер Лупач. Яго таксама выклікаюць у міліцыю ў наступны панядзелак, каб скласці пратакол пра правапарушэнне і скончыць падрыхтоўку справы для суда.

Паводле часткі 2 артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу пагражаюць штрафы памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.

Такім чынам лік сёлетніх адміністрацыйных справаў супраць незалежных журналістаў за нібыта працу без акрэдытацыі дасягнуў дваццаці пяці. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” рашуча пратэстуе супраць такой практыкі і незаконнага, на наш погляд, прымянення артыкула 22.9 КаАП да фізічных асобаў.

Крыніца: прэс-служба БАЖ

Болей навін