Рымашэўскі: ЗША патрабуюць новага Марціна Лютэра Кінга
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў КРЫНІЦА.INFO легалізацыю “аднаполых шлюбаў” ва ўсіх штатах ЗША і святкаванне гэтага ва ўсім свеце як перамогу дэмакратыі і правоў чалавека.
«Гэтыя падзеі нават у ЗША неадназначна трактуюцца, многія грамадзяне выступаюць супраць. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі пад прыгожымі лозунгамі, хаваліся жахлівыя праявы таталітарызму, якія не мелі нічога агульнага з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і правамі чалавека. Легалізацыя “аднаполых шлюбаў” ніяк не звязана з правамі чалавека, бо шлюб непасрэдна звязаны з хрысціянствам, сам сучасны панятак шлюбу – узяты грамадствам з хрысціянскай Царквы», — падкрэсліў палітык.
Адна справа, мяркуе ён, калі людзі змагаюцца з рознымі праявамі дыскрымінацыі, а іншая — калі грамадству, у тым ліку хрысціянам, у якасці шлюбу спрабуюць навязаць тое, што шлюбам не з’яўляецца. «Апроч таго, не агучваецца той відавочны факт, што прызнанне дзяржавай і рэгістрацыя аднаполага шлюбу змяняе прынцыпы і грамадзянскага заканадаўства, і норм грамадскай маралі і адносінаў. Інстытут традыцыйнай сям’і фактычна скасоўваецца. Словы «муж» і «жонка», «бацька» і «маці» губляюць сваё значэння і замяняюцца на бясполыя і агульныя паняткі («муж 1» і «муж 2», «бацька 1» і «бацька 2» і г.д. ). Пры гэтым пераглядаецца прынцып ідэнтычнасці чалавека, грамадству антыдэмакратычным чынам навязваецца новая трактоўка рэальнасці чалавечай прыроды, якая грунтуецца выключна на стылі жыцця і сэксуальных перавагах”, — дадаў Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, навязванне адных стандартаў, грубае ўмяшальніцтва ў рэлігійныя погляды грамадзян з’яўляецца пагрозай для дэмакратыі і праявамі таталітарных тэндэнцый у амерыканскім грамадстве. “Трэба падкрэсліць, што разам з патрабаваннем ад хрысціянаў прызнання гомасэксуальных саюзаў шлюбамі, з прапагандай сэксуальнай разбэшчанасці заўсёды поруч ідзе прапаганда абортаў і навязванне погляду на аборты як на нармальную з’яву, патрабаванне далейшай легалізацыі забойстваў дзяцей. Усё гэта падаецца пад соўсам барацьбы за правы чалавека”, — мяркуе сустаршыня БХД.
Віталь Рымашэўскі нагадаў, што крыху больш за 50 год таму у ЗША квітнеў расізм, “і толькі дзякуючы тытанічным намаганням такіх людзей, як хрысціянскі прапаведнік Марцін Лютэр Кінг удалося перамагчы гэтую жахлівую дыскрымінацыю”. “Неаднаразова народ ЗША паказваў, што ў яго ёсць сілы абараніць сапраўдную свабоду і дэмакратыю. Я перакананы, што сёння знойдуцца асобы з сілай духу Марціна Лютэра Кінга, якія здольныя абараніць правы хрысціян, абараніць сапраўднае разуменне правоў чалавека, спыніць разбурэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў”, — адзначыў ён.