Першыя 2 кіламетры абяцаных веладарожак з’явіліся ў Віцебску
Першыя 2 кіламетры абяцаных веладарожак з’явіліся ў Віцебску на праспекце Перамогі.
І гэта сапраўдная агульная ПЕРАМОГА: віцяблян над абыякавасцю чыноўнікаў, чыноўнікаў – над упартым жаданнем нічога не рабіць для паляпшэння жыцця грамадзян.
Напярэдадні каардынатар аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) па Віцебшчыне Таццяна Севярынец, кіраўнік гарадской кампаніі “Віцебску – веладарожкі”, атрымала адказ ад намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоля Дзівуліна на зварот ад імя грамадзян наконт арганізацыі веладарожак у горадзе.
У адказе сказана, што да 1 ліпеня будзе зроблена разметка першай веладарожкі на праспекце Перамогі, а затым – на праспектах Будаўнікоў, Маскоўскім, на вуліцах Генерала Белабародава, Герцана, Чкалава (ад вуліцы П.Броўкі да праспекта Перамогі).
Раней vitebskby.com паведамляў аб шматлікіх паходжаннях грамадскіх актывістаў па кабінетах віцебскіх чыноўнікаў з просьбай арганізаваць бяспечны рух для веласіпедыстаў. Але атрымлівалі адказы, што ў Віцебску няма месца для іх, бо тут “вельмі вузкія вуліцы і тратуары”. І гэты пры тым, што па існуючых нарматывах для веладарожкі павінен быць 1 метр, а для пешаходаў заставацца яшчэ 1,2 метры.
Актывісты не пагадзіліся з такім адказам. Перамерылі тратуары швачным метрам і выявілі, што ў Віцебску вельмі цяжка знайсці такія месцы, дзе шырыня тратуара менш за 2,2 метры.
Ізноў стукаліся ў дзверы чыноўнікаў. Бо ведалі, што гэта праблема тычыцца многіх, яна важная. І на яе вырашэнне шмат грошы не трэба.
Цікава, што ў суседняй Літве ў Вільнюсе сапраўды вельмі вузкія тратуары і вуліцы, але там, за рэдкім выключэннем, па ўсім горадзе зроблены разметкі для веласіпедыстаў. Пешаходы там вельмі выхаваныя і не замінаюць ім язду. А там, дзе няма магчымасці веласіпедысту ехаць па тратуары, спецыяльнае месца адведзена на праезджай частцы.
Гэта яшчэ раз даказвае, што калі чалавек (не залежна ад пасады) хоча штосьці зрабіць – ён шукае магчымасці, а калі не хоча рабіць – шукае апраўданні.
Зараз у Віцебску на праспекце Перамогі можна ўбачыць сімвал агульнай ПЕРАМОГІ.
Крысціна Авакумава