Рымашэўскі: беларускаму грамадству патрэбныя выразныя гістарычныя арыенціры
У сітуацыі, калі пад прыкрыццём рэлігіі здзяйсняюцца правакацыі супраць беларускага народа і самой праваслаўнай царквы, грамадству патрэбныя выразныя гістарычныя арыенціры.
Такое меркаванне выказаў сайту charter97.org сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі.
– Нядаўна кіраўнік Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін заявіў, што будаўніцтва капліцы каля помніка Сталіну, якое выклікала вялікі рэзананс, спынена і разглядаецца пытанне аб пераносе гэтага помніка. Як вы ацэньваеце гэтую заяву?
– Я магу толькі вітаць гэтае рашэнне. Яно яшчэ раз паказвае, што многія абвінавачванні ў адрас праваслаўнай царквы былі заўчаснымі і нават беспадстаўнымі. Я маю на ўвазе абвінавачванні ў падтрымцы шавіністычных, «савецкіх» і «прапуцінскіх» ідэй.
Рашэнне аб спыненні будаўніцтва – гэта яшчэ адзін факт, які сведчыць, што ў Беларускай праваслаўнай царкве ёсць шмат людзей, якія разумеюць розніцу паміж хрысціянствам і карнай, камуністычнай ідэалогіяй. І якія змагаюцца супраць гэтай ідэалогіі. Калі помнік Сталіну зараз прыбяруць – гэта будзе заслуга вернікаў.
Хоць, вядома, ёсць сілы, якія спрабуюць выкарыстоўваць царкву, прыкрыцца царквой дзеля сваіх палітычных і прарасейскіх інтарэсаў. Але такія сілы заўсёды былі ў гісторыі.
Я хачу падкрэсліць, што за той правакацыяй супраць праваслаўнай царквы – я маю на ўвазе так званае «паломніцтва» на «лінію Сталіна» – стаяць небеларускія святары. Той жа протадыякан Максім Логвінаў – рускі, сын расійскага святара, чалавек, які проста прыехаў у нашу краіну.
І за мерапрыемствамі такога ўзроўню, як гэта «паломніцтва», стаяць асобныя людзі. І яны нясуць адказнасць за падобныя правакацыі, накіраваныя не толькі супраць беларускага народа, але і супраць праваслаўнай царквы. І гэта трэба добра разумець, каб, як кажуць – «разам з вадой не выплюхнуць і дзіцяці».
– А як вы ў цэлым можаце растлумачыць гэты ўсплёск цікавасці да постаці тырана Сталіна і спробы яго праслаўлення, якія набіраюць сілу ў Расіі і патроху пранікаюць да нас?
– Вы толькі што правільна заўважылі, што гэтыя тэндэнцыі – не ўласна беларуская з’ява. Яны ідуць да нас з Расіі. Для Расіі гэта цалкам натуральна, таму што там сталінскі культ ніколі да канца не згасаў.
І зараз ён знаходзіць водгук у новых рухах, якія паднялі галаву, і надае ім новы імпульс для імперскай, шавіністычнай ідэалогіі. І экспансіянісцкая палітыка расійскіх уладаў стварае добрую глебу для такіх настрояў.
– Якім чынам праваслаўная грамадскасць і царква ў Беларусі маглі б нейтралізаваць гэты ўплыў?
– У першую чаргу я б раіў ім звярнуць увагу на постаць князя Канстанціна Астрожскага. Для мяне гэты чалавек з’яўляецца ўзорам і хрысціянскай цноты, і палітыка. Будучы праваслаўным, ён абараняў Беларусь ад тых, хто, прыкрываючыся «верай» ажыццяўляў агрэсію супраць нашай дзяржавы. І не толькі спыніў маскоўскае нашэсце, але і быў мецэнатам і спрыяў аднаўленню праваслаўных храмаў. Яго дзейнасць, у няпростых умовах міжканфесійнай палітыкі таго часу, шмат у чым заклала асновы для мірнага суіснавання канфесій і можа быць узорам для нас.