Жыхары вуліцы Салы ў Гародні надалей застаюцца без камунікацый (фота)
У рамках кампаніі “За добраўпарадкаванне дарог Гарадзеншчыны” каардынатары аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Сяргей Верамеенка і Мікола Баўсюк разам з карэспандэнтамі наведалі былую вёску, а зараз вуліцу Салы ў Гародні.
Ужо сем гадоў як былая вёска Салы далучана ў Кастрычніцкі раён Гародні. Больш трыццаці сем’яў, якія там пражываюць, далей застаюцца без каналізацыі, дарогі, вадаправода, гарачай вады, газаправода.
Людзі вымушаныя браць вады з крыніцы, якая забруджаная разнастайным смеццем, а ў дажджы ператвараецца ў бурлівае балота.
Кажуць жыхары вуліцы:
– Ужо неаднойчы пісалі лісты ў выканкам. Я на колькі ведаю, калі мы тут пачалі жыць, шмат гаварылі адносна дарогі. Таму што гэта зараз, калі нас аддалі пад горад, дарогу хоць крыху параўнялі. А то было зусім не прайсці. – У мяне дзядуля жыве ў вёсцы Лунна, там усе ўмовы – і газ, і вада, і дарогі добрыя. Усе камунікацыі. Але ж гэта, прабачце, 40 кіламераў ад горада. А гэта лічыцца вуліцай горада. Дарогі нават нармальнай няма.
Сход, які павінен быў прайсці з удзелам жыхароў вуліцы і прадстаўнікоў Кастрычніцкай адміністрацыі Гародні, так і не адбыўся. Цяпер невядома, калі пытанне пра ўпарадкаванне вуліцы Салы стане на парадку дня ва ўладных кабінетах, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.