Грамадскі антытэрарыстычны камітэт пачаў расследванне заяў экс-кіраўніка КДБ Сухаранкі
“Грамадскі антытэрарыстычны камітэт” у асобе сустаршыняў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча і старшыні прафсаюзаў РЭП Генадзя Фядыніча звярнуўся да Генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, старшыняў ГПК і КДБ Беларусі.
У сваім звароце яны просяць даць падрабязную інфармацыю аб выніках расследавання і аб асобах, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за злачынствы тэрарыстычнага характара, аб якіх у 2006 годзе заяўляў старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка і ў 2011 годзе казалася ў фільме “Плошча. Жалезам па школу”.
“Нам дакладна вядома, што ні адзін з прыведзеных эпізодаў у крымінальную справу па абвінавачванні Аляксандра Казуліна (2006 год), а таксама ў крымінальныя справы кандыдатаў у Прэзідэнты і іншых асоб, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці ў сувязі з падзеямі 19.12.2010 г., уключаны не быў і прадметам судовага разгляду не з’яўляўся. У сувязі з гэтым узнікае заканамернае пытанне: факты, прыведзеныя спадаром Сухарэнкам у 2006 г. і сюжэты фільма «Плошча. Жалезам па шкле» з’яўляліся прадуктамі дзяржаўнай перадвыбарнай прапаганды альбо ў рэчаіснасці мелі месца? Адсутнасць інфармацыі аб выніках расследавання гэтых фактаў выклікае сумневы ў іх сапраўднасці”, – гаворыцца ў звароце.
“Гэтыя запыты – першы крок для расследавання пазначаных заяваў. Калі ўлады не прадставяць фактаў дакументальнага расследавання агучаных абвінавачванняў, то мы будзем даводзіць гэта да судовага разбіральніцтва і прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці паводле арт. 400 (ілжывы данос) і 424 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў). Наша галоўная задача – перад кампаніяй 2015 года нагадаць беларускаму і міжнароднаму грамадству, ад каго сыходзілі пагрозы тэрактаў, абвінавачванні ў бок апазіцыі, заявы, якія не знайшлі пацверджанняў”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Ён таксама паабяцаў сачыць за “ўсімі тэрарыстычнымі і антытэрарыстычнымі заявамі як збоку ўладаў, так і прарасейскіх групаў, кшталту “Антымайдана”, казацкіх груповак і ім падобных”.