Рымашэўскі: забароны рэкламы парасонавых брэндаў недастаткова
У Беларусі забаранілі рэкламу парасонавых брэндаў, калі пад выглядам пітной вады рэкламуецца алкаголь. Увядзенне забароны на рэкламу парасонавых брэндаў вытворцаў алкаголю і тытуню ў краіне прадугледжана законам ад 10 ліпеня 2015 года №285-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе». Дакумент апублікаваны 14 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў моц праз тры месяцы.
У законе сказана, што рэклама, якая падобная да рэкламы алкаголю, не дапускаецца ў месцах, дзе забаронена размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы алкагольных напояў. Нельга рэкламаваць прадукцыю названым спосабам і падчас культурных, спартыўных, адукацыйных і іншых гуманітарных мерапрыемстваў. Рэклама, якая падобная да рэкламы тытуневых вырабаў, недапушчальная.
“Увядзенне гэтага новага закону патрабавала вялікіх высілкаў і беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, і іншых грамадскіх арганізацый, якія патрабуюць прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі алкагольнай катастрофы ў Беларусі. А сітуацыя сапраўды катастрафічная. Пры зборы подпісаў у межах кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” подпісы ў падтрымку нашых прапаноў ставілі з ахвотай нават людзі, якія самі набывалі алкаголь і мелі праблемы з алкаголем. Яны гэта прызнаюць і не жадаюць такой будучыні для іншых, для сваіх дзяцей. Дзяржава ж робіць усё, каб для кароткатэрміновай выгады ад продажу алкаголю заганяць беларусаў у багну алкагалізму”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
“Мы безумоўна вітаем гэты закон. Гэта крок у правільным кірунку. Таксама, нарэшце, Мінгарвыканкам абмежаваў час продажу алкаголю. Але гэтыя крокі недастатковыя. Неабходна, па-першае, вынесці алкаголь у спецыялізаваныя аддзелы крамаў з асобным уваходам, забараніць яго продаж на аўтазапраўках, прыраўняць піва да алкагольных напояў і забараніць яго рэкламу”, – дадаў палітык.
Паводле яго, у БХД гатовая цэлая праграма па дэалкагалізацыі , “але пакуль алкагольнае лобі ідзе на саступкі вельмі неахвотна. “Мы будзем працягваць кампанію “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” і заклікаем усіх далучацца да яе”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.