Заява БХД: Спыніць чарнасоценныя акцыі ў Беларусі
З 13 па 19 ліпеня пад Менскам псеўдаказацкая групоўка “Казачы Спас” праводзіць так званы “праваслаўны ваенна-патрыятычны лагер”. У рэкламных фота- і відэаматэрыялах маладыя людзі і падлеткі пад кіраўніцтвам інструктараў пазіруюць з агнястрэльнай зброяй і імітуюць баявыя дзеянні.
БХД звяртае ўвагу Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, мясцовых органаў улады і Беларускай Праваслаўнай Царквы на тое, што пад прыкрыццём “ваенна-патрыятычных трэніровак” і “праваслаўнага выхавання” адбываецца прапаганда вайны, фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка моладзі, у тым ліку няпоўнагадовай, да ўдзелу ў баявых дзеяннях – альбо на тэрыторыі Данбасу, альбо (што яшчэ горш) на тэрыторыі Беларусі.
Больш таго, па нашай інфармацыі, удзельнікі лагеру “Казачага Спасу” збіраюцца далучыцца да так званага Хроснага ходу “Лінію Сталіна” ў другой палове ліпеня. Спробы апраўдання сталінізму, які прынёс Беларусі мільёны ахвяраў, разбурэнне цэркваў, генацыд сялянства, інтэлігенцыі і святароў – недапушчальныя.
Заклікаем Генеральную пракуратуру РБ і Беларускую Праваслаўную Царкву выказаць афіцыйную ацэнку ў дачыненні да гэтых фактаў і прыняць меры па спыненні чарнасоценных акцыяў у Беларусі.