Рымашэўскі: Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты маюць унікальную прапанову для Беларусі
Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты маюць унікальную прапанову для Беларусі, якая прадугледжвае пабудову сацыяльна-арыентаванай рынкавай гаспадаркі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі падчас дыскусіі на тэму “Рост беспрацоўя ў Беларусі: эканамічныя і сацыяльныя наступствы крызісу” ў межах праекту Epramova.
Гэтая праграма арыентаваная перадусім на звычайнага чалавека, малога і сярэдняга прадпрымальніка, на самарэалізацыю людзей. “Гэта стратэгічная мэта. Яна прадугледжвае і антыманапольныя рэчы, бо сёння дзяржава – галоўны манапаліст, і шэраг праграм па спрыянні малому і сярэдняму бізнэсу”, – адзначыў ён.
На пераходны перыяд БХД прапануе чатыры рэальныя крокі, якія не патрабуюць вялікіх высілкаў, але могуць забяспечыць на гэты перыяд працай вялікую колькасць людзей. Па-першае, трэба легалізаваць тых, хто зараз працуе нелегальна. Другі крок – адчыніць межы з Еўразвязам, каб беларусы маглі атрымліваць працоўныя візы. Трэці пункт – крэдыты малому і сярэдняму бізнэсу ад міжнародных арганізацый. Чацвёрты пункт – перадача стратных прадпрыемстваў эфектыўным карыстальнікам.