Глыбоцкага сябра БХД Змітра Лупача будуць судзіць 23 ліпеня
Гэта ўжо другая спроба разгледзець адміністрацыйную справу незалежнага журналіста. Як паведамілі яму ў тэлефоннай размове, пацэс мае распачацца ў чацвер, 23 ліпеня, у 14.30 у Глыбоцкім райсудзе.
Сябра БХД Змітра Лупача вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Падставай для складання пратакола стаў матэрыял “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года”, размешчаны 9 чэрвеня на сайце “Еўрарадыё”.
Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся. Пратакол, складзены 26 чэрвеня старшым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаславам Барылам, вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. На дакуменце не было подпісу журналіста пра тое, што яму патлумачылі яго правы.
10 ліпеня (праз два тыдні пасля складання пратакола) журналіста выклікалі ў міліцыю і прапанавалі падпісаць асобны дакумент – пра тое, што яго пазнаёмілі з правамі і абавязкамі асобы, у дачыненні да якой завялі адміністрацыйную справу.
Пакуль справа “вандравала” паміж судом і міліцыяй, Змітру давялося некалькі разоў сустрэцца з супрацоўнікамі КДБ. Паводле журналіста, яму прапаноўвалі даносіць на сяброў і калег, паведамляць пра дзейнасць сябраў ГА “БАЖ” і апазіцыйных актывістаў у рэгіёне. Зміцер Лупач вырашыў не хаваць інфармацыі пра гэта і перадаў яе незалежным СМІ. Ён заявіў, што ні пры якіх акалічнасцях не будзе “стукачом”.
У парушэнні заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 ч.2 КаАП таксама вінавацяць глыбоцкую незалежную журналістку Таццяну Смоткіну. Першапачаткова суд быў прызначаны на 9 ліпеня, але не адбыўся – дакументы таксама адправілі на дапраўцоўку. Дата суда пакуль невядомая.