Жыхары Воршы патрабуюць тратуараў у цэнтры горада
Аршанцы настойваюць на ўладкаванні тратуарамі вуліцы Пралетарскай. Жыхары вуліцы Пралетарская звярнуліся ў Аршанскі раённы выканаўчы камітэт з патрабаваннем абсталяваць дадзеную вуліцу тратуарнай дарожкай.
Гэта ўжо не першы зварот грамадзян па гэтым пытанні. Фактычна вуліца Пралетарская знаходзіцца ў цэнтры горада (200 метраў ад райвыканкама), але прайсці па ёй падчас бездаражы практычна немагчыма, пешаходы вымушаны ісці па цэнтры праезнай часткі, – распавядае Вольга Бугай, актывіст кампаніі “Добры горад” (частка кампаніі БХД “Народны кантроль”).
Настойлівыя жыхары вуліцы Пралетарская дамагліся грамадскіх слуханняў. На сходзе прадстаўнікі райвыканкама, спаслаўшыся на адсутнасць грошай у гарадскім бюджэце, прапанавалі не абсталяваць вуліцу тратуарам, а арганізаваць па вуліцы Пралетарская аднабаковы рух. Аднабаковы рух прапануюць зрабіць ад скрыжавання з вуліцай Талстога да перасячэння з вуліцай Лепяшынскага. Праўда, як аднабаковы рух дапаможа барацьбе з лужынамі на дарозе, засталося незразумелым.
Крыніца – Orsha.eu