Віцебскія актывісты БХД праверылі, як мясцовыя ўлады выконваюць свае абяцанні (фота)
Па адказ на пытанне, як Віцебскія ўлады выконваюць свае абяцанні, сябры ініцыятыўнай групы “За якасную медыцыну ў Віцебску” адправіліся праверыць аб’екты. “Зразумела, паўнамоцтваў на праверку нам ніхто не даваў, але ў такіх выпадках дзейнічаем самастойна, тым больш, што менавіта нам удалося напрыканцы мінулага (2014-га) і на пачатку новага (2015-га) году прымусіць і абл- і гарвыканкамы звярнуць увагу на якасць медыцынскага абслугоўвання ў абласным цэнтры і на даўгабуды медыцынскіх устаноў”, – адзначае каардынатар кампаніі, кіраўнік аргкамітэту БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Аб’ект №1 – паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева-2, запланаваны ўладамі яшчэ на 2010 год. Месца забудовы па-ранейшаму займае будаўнічы гарадок, такі абжыты, нават з адмысловымі вуліцамі, стаянкамі, хаця яшчэ ў верасні 2014 году актывісты атрымалі ліст з аблвыканкаму за подпісам У.У. Цярэнцьева, дзе чорным па беламу было пазначана: будаўніцтва першай чаргі комплексу пачнецца ў другім квартале 2015-га. Пра гэта ж на прэс-канферэнцыі ў снежні 2014-га заявіў і галоўны ўрач ГУАЗ “Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка” Станіслаў Цітовіч, пры гэтым схлусіўшы, што праект комплексу гатовы. І зноўку хлусня: ідзе трэці квартал, а конь, як кажуць, тут і не валяўся.
Месца пабудовы новай школы, абяцанай і запланаванай уладамі на 2012 год, толькі агароджана і зарастае паціху хмызняком (падчас збору подпісаў за паліклініку мясцовыя жыхары далучыліся за нашай ініцыятывы і са сваёй —за школу).
Дарэчы, перагледзеўшы інвестыцыйны план Віцебскага гарвыканкаму на 2015 год, такі аб’ект, як паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева-2, не знайшлі. Хлусня з’яўляецца нормай для віцебскага чынавенства.
Аб’ект №2: паліклініка ў мікрараёне “Поўдзень-7”. Вось тут сэрца крыху ўзрадавалася: будаўніцтва ідзе, марудна, але ідзе. 16-30. Працуе кран. Адзін рабочы-“майна-віра”. Іншых не бачна, толькі чуваць, як гэты “майна-віра” на кагосьці гучна сварыцца. Значыць, нехта там ёсць яшчэ.
Між тым побач з гэтай будоўляй вырасла велічэзная крама. За нейкі год. Жыхары туды ходзяць, але, напрыклад, спадарыня Марына, якая выпадкова трапілася на вочы актывістам і пагадзілася адказаць на пытанні (адмовіўшыся фатаграфавацца) кажа: “Навошта яшчэ і гэтая крама? Панабудавалі іх у Віцебску на кожным кроку, якіх хочаш. А з чым туды хадзіць? Нам на КІМе заробак ужо больш за паўгады не давалі. Хочаш зайсці ў краму—спачатку прадай панчохі ці шкарпэткі, якімі даюць заробак. Нам бы паліклініку! Чакаем ужо, чакаем! З такім жыццём толькі ў паліклініку і хадзіць, здароўе ўсё на шматкі парвала такое жыццё!”
“Вельмі вас разумеем, спадарыня Марына. Таму і клопат маем, каб хутчэй хоць паліклініка пачала працаваць”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.
“Ці жадае хто з прадстаўнікоў сённяшняй улады пачуць голас сваіх выбарцаў? Міласці просім на вуліцы гораду, ды папрасцей апраніцеся, каб людзі не баяліся вам праўду ў вочы казаць, ды панчохі якія набудзьце, каб дапамагчы прадавачцы (яна так заробак напрацоўвае) набыць што-небудзь з ежы для дзетак у вашай шыкоўнай краме”, – дадае каардынатар БХД.