Толькі тры апазіцыянеры трапілі ў склад выбарчых камісій у Менску
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, каардынатар кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі 22 ліпеня ўдзельнічаў у якссці назіральніка ў паседжанні па фармаванні Менскай гарадской выбарчай камісіі і дзевяці тэрытарыяльных гарадскіх выбарчых камісій у Менску.
Паводле яго, у менскую гарадскую трапіў толькі адзін прадстаўнік апазіцыі – Зміцер Каспяровіч ад Партыі БНФ. Яшчэ двое ўвайшлі ў склад тэрыятарыяльных камісій: прадстаўнік БСДП(Г) у склад Заводскай і “Справядлівага свету” – Савецкай. Усяго ў кожную з камісій увайшло па 13 чалавек. Такім чынам, са 130 чалавек толькі трое прадстаўнікі апазіцыі.
“У параўнанні з мясцовай кампаніяй склад камісіі на 65 % застаўся той жа самы. Відавочна, што год ад года у склад камісій бяруць толькі “правераных байцоў”, фактычна пазбаўляючы права патрапіць у іх прадстаўнікоў грамадскасці і дэмакратычных сілаў. Таксама на пасяджэнні была звернутая ўвага, што прадстаўнікі партый падавалі свае заяўкі толькі ў апошнія дні і тым самым праявілі фармальны падыход, каб толькі “засвяціцца”. Тым самым на фармальных падставах адбылася дыскрымінацыя гэтых людзей. Усё гэта сведчыць, што выбары пройдуць па звычайным сцэнары”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.