У тэрытарыяльныя камісіі ўключылі толькі 12% прадстаўнікоў кампаніі “Права выбару”
20-22 ліпеня ў Беларусі былі ўтвораныя 153 тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Арганізацыямі, што ўваходзяць у кампанію назіраньня “Права выбару” было вылучана 25 прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, у тым ліку 19 ад партыяў і грамадскіх аб’яднанняў і 6 – шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Сярод іншага, было вылучана: ад Партыі БНФ – 15 чалавек, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 5 чалавек, ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі і ПАГА “Рух “За Свабоду” – па 2 чалавекі, і адзін прадстаўнік быў вылучаны ад прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.
Кампанія “Права выбару” адзначае, што на этапе вылучэння ў тэрытарыяльныя камісіі вялікую адмоўную ролю адыгралі абмежаванні на рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў. Вылучэнне ў склад камісіяў прадугледжанае ад арганізацыйных структур партыяў і грамадскіх аб’яднанняў (і для гэтых суб’ектаў прадугледжаная квота не меньш чым 1/3 складу камісіі). Таму тыя партыі і аб’яднанні, што сутыкаюцца з адмовамі ў рэгістрацыі, пазбаўленыя магчымасці афіцыйна прэтэндаваць на ўдзел у выбарчых камісіях, а значыць не могуць вольна прымаць удзел у выбарчым працэсе.
Напрыклад, удзельнік кампаніі “Права выбару” Беларуская хрысціянская дэмакратыя неаднаразова сутыкалася з адмовамі ў рэгістрацыі. Таксама ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі мясцовых арганізацыйных структур “Руху “За Свабоду”, Партыі БНФ ды іншых дэмакратычных аб’яднанняў.
З 25 вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі прадстаўнікоў арганізацыяў-удзельніц кампаніі “Права выбару” у склад камісіі былі ўключаныя толькі тры асобы: прадстаўнікі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў і Зміцер Касьпяровіч увайшлі адпаведна ў Віцебскую абласную і ў Мінскую гарадскую камісіі, прадстаўніца БСДП (Г) Надзея Шомчанка ўвайшла ў склад Заводскай раённай выбарчай камісіі ў горадзе Мінску.
Такім чынам, толькі 12% ад вылучаных прадстаўнікоў кампані “Права выбару” былі ўключаныя ў склад тэрытарыяльных камісіяў.
У абсалютнай большасьці выпадкаў пры фармаванні камісіяў адмовы ва ўключэнні прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ніякім чынам не матываваліся, пасяджэнні органаў, што фармуюць камісіі, адбываліся без абмеркавання вылучаных кандыдатураў, а праз зацвярджэнне загадзя падрыхтаваных спісаў.
Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў толькі ў адзінкавых выпадках былі ўключаныя ў склад камісіяў, пры гэтым заявы ад лаяльных уладам партыяў і грамадскіх аб’яднанняў былі ў большасці выпадкаў задаволеныя. Створаныя тэрытарыяльныя камісіі ў абсалютнай большасці выпадкаў будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў, а прадстаўнікі партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, якія падтрымліваюць дзеючую ўладу, атрымалі абсалютную большасць у складзе камісіяў.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ірына Вештард лічыць, што дэмакратычныя партыі і арганізацыі мусяць найбольш сваіх прадстаўнікоў вылучайць у склад участковых выбарчых камісій, бо ўсе фальсіфікацыі вынікаў выбараў адбываюцца менавіта там:
– Можна крытыкаваць апазіцыю, што мы мала вылучылі сваіх актывістаў у склад тэрытарыяльных і абласных выбарчых камісій, аднак варта разумець, што гэтыя камісіі не маюць такога вялікага значэння, як участковыя. На ўчастках ідзе падлік галасоў, а ў тэрытарыяльныя паступаюць звесткі і звожаюцца бюлетэні. Калі ж аналізаваць апошнія 20 год беларускіх выбараў, то большая частка грамадзян не давярае выбарам. Апатыя як да кандыдатаў, так і да выбараў, бо нічога не мяняецца і гэта ўплывае таксама на вылучэнне сябраў у камісіі.
Ірына Вештард падкрэсліла, што ўключэнне іх сябра партыі ў склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі не з’яўляецца нейкім прарывам і дасягненнем, а 3 дэмакраты на 130 месцаў у мінскіх камісіях – гэта ўзровень статыстычнай памылкі, на якую можна не звяртаць увагі падчас працы.
Паколькі згодна з заканадаўствам фармаванне выбарчых камісіяў з’яўляецца прэрагатывай органаў мясцовай улады, ужо на першым этапе выбарчай кампаніі ўлады груба парушылі прынцып роўнасці правоў палітычных партый і аб’яднанняў, незалежна ад іх палітычнай накіраванасці, на ўдзел у арганізацыі і правядзенні выбараў. Сфармаваныя тэрытарыяльныя камісіі амаль выключна складаюцца з максімальна лаяльных да дзейснай улады асобаў, гатовых выканаць любы яе загад. У гэтых умовах магчымасць забеспячэння празрыстасці і дэмакратычнасці выбарчых працэдураў камісіямі ў такім складзе, а таксама ўвогуле правядзення свабодных і справядлівых выбараў пры захаванні роўнасці правоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты, выклікае вялікія сумневы.
Ужо на этапе фарміравання тэрытарыяльных камісіяў выбарчая кампанія ідзе па звыклым для Беларусі сцэнары і не прадугледжвае ўдзелу апазыцыйных партыяў і аб’яднанняў у працы органаў, што забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў. Гэта сьведчыць пра няроўнасьць умоваў у гэтай выбарчай какмпаніі, падрывае давер да працэдуры выбараў з боку грамадства і служыць падставай для недаверу вынікам выбараў.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.