Актывісты БХД даслалі чыноўнікам 400 подпісаў за льготны праезд для пенсіянераў
Актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” даслалі 4 жніўня ў Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва ды Мінгарвыканкам каля 400 подпісаў за вяртанне льготнага праезда для пенсіянераў.
Зварот выкліканы недастатковай сацыяльнай падтрымкай пенсіянераў з боку дзяржавы ва ўмовах цяжкай эканамічнай сітуацыі ў краіне. У асноўным адзіная крыніца даходу – пенсіі, памеры якіх даўно адсталі ад узроўню цэн на сацыяльна значныя прадукты харчавання, тавары і паслугі. Большасць пенсіянераў у гэты цяжкі час чакаюць ад дзяржавы сацыяльнай падтрымкі, якая ў цяперашні час практычна адсутнічае.
«Мы лічым, што 50% зніжка на праезд у гарадскім транспарце для пенсіянераў павінна быць адноўлена. З аднаго боку, без вялікіх бюджэтных выдаткаў гэтая мера істотна падтрымае беларускіх пенсіянераў, з другога – у хоць нейкай ступені наблізіць іх статус да статусу пенсіянераў суседніх Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі. У Расіі таксама пенсіянерам даецца льгота ў 50% пры аплаце камунальных паслуг, бясплатны выраб зубных пратэзаў і іншае. На жаль, наша заканадаўства падобных льгот для ветэранаў працы не прадугледжвае і гэта становішча павінна быць выпраўлена», – адзначыла кіраўнік Сіньёрскай структуры аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Наталля Маразевіч.