БХД рыхтуе заяву ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў Клічаўскага райвыканкама
Сталі вядомыя новыя дэталі рэпрэсій супраць заснавальнікаў Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Клічаўскім раёне. Як паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, усе візіты, выклікі і абтэлефанаванні заснавальнікаў праходзілі ў адзін дзень.
Больш за тое, дзве жанчыны былі выкліканыя ў Клічаўскі райвыканкам, дзе ім пагражалі праблемамі, у тым ліку з працаўладкаваннем і навучаннем іх, іх сваякоў і блізкіх. Пасля гэтага ім падсунулі бланкі, на якіх заснавальніц БХД прымусілі адмовіцца ад сваіх подпісаў.
У сувязі з ціскам на прыхільнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі аргкамітэт БХД рыхтуе заяву ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў Клічаўскага райвыканкаму.
“Па тым, як сённяшні рэжым займаецца “рэгістрацыяй БХД”, можна абсалютна ясна сказаць, што ніякіх “выбараў” у краіне няма. І ўсе заявы, якія робяць прадстаўнікі ўладаў пра сумленны выбарчы працэс, у адзін момант перакрэсліваюцца падобнымі рэпрэсіямі. За факты тэрору чыноўнікам давядзецца несці сур’ёзную адказнасць, аж да крымінальнай”, – заявіў сустаршыня БХД Павал Севярынец.